11 | 02 | 2012
04
Ноя
2008
Тром-сын безыменны E-mail
Рейтинг пользователей: / 0
ХудшийЛучший 
Библиотека - Сказки на белорусском языке
Жыў дзед з бабаю. Нарадзіўся ў іх сын. Пайшоў дзед да папа, каб сына перахрысціў, імя даў, а той і гаварыць не хоча: грошай у дзеда няма, дык якая можа быць гаворка! Так і застаўся дзедаў сын без імені.

Падрос хлопчык, пачаў на вуліцу хадзіць. Гуляе з дзецьмі, а тыя не ведаюць, як яго зваць. А потым самі прыдумалі яму імя: Безыменны. Ва ўсіх імёны як імёны, а дзедаў сын — Безыменны!

Прыходзіць ён аднаго разу з вуліцы і пытаецца ў маткі:

— Чаму гэта, мама, ва ўсіх імёны ёсць, а ў мяне няма?

Маці і расказала яму, чаму ён без імені застаўся.

— Калі так,— кажа сын,— дык мне жыць у сваім сяле нельга, пайду ў свет шукаць свайго шчасця.

Маці ў слёзы:

— А мой сынок, а мой сакалок, як жа ты нас, старых, пакінеш?

— Як знайду сваё шчасце, тады вярнуся да вас,— кажа сын.

Сабралі бацькі яму, што мелі, на дарогу, ён і пайшоў сабе памаленьку.

Ішоў, ішоў, прыходзіць у вялікі густы лес. Цэлы дзень ішоў лесам, пад вечар бачыць — стаіць хатка. Зайшоў у хатку, а там тры сівыя дзяды жывуць. Пакланіўся хлопец дзядам:

— Дазвольце, людзі добрыя, пераначаваць у вас.

Дзяды паглядзелі на яго і пытаюцца:

— Адкуль жа ты, хлопча, і якая нядоля цябе завяла сюды?

Расказаў ім хлопец пра сябе. Дзяды выслухалі, галовамі паківалі і кажуць:

— Калі так, жыві ў нас. А імя табе будзе Тром-сын, гэта значыць, будзеш ты ўсім нам тром сынам.

Згадзіўся хлопец і стаў жыць у дзядоў.

Дзяды яго і кармілі, і паілі, і ўсялякім навукам вучылі.

Пражыў ён так гадоў з дзесяць. Зусім вялікі вырас, і захацелася яму свету пабачыць, бо ў лесе доўга жыць нецікава. Вось ён і кажа дзядам:

— Бацькі мае названыя, пусціце мяне свету пабачыць.

— Добра,— згадзіліся дзяды,— ідзі сабе.

Далі яму буланага каня і сказалі:

— Будзеш ты ехаць гэтым лесам трое сутак. На чацвёртыя прыедзеш да вялікай гары,— на ёй жыве Жар-птушка. Ты раз разганіся на кані — не зловіш яе. Другі раз разганіся — таксама не зловіш. А трэці раз як скокнеш, дык ухопіш за хвост і вырвеш пяро. Палажы яго ў кішэнь, а каня пусці ў запаведныя лугі, на зялёныя мурагі. Сам жа ідзі ў стольны горад да цара. У таго цара ўсе коні хворыя. I ніякія лекары не могуць нічога зрабіць. А ты падручыся царскіх коней вылечыць: два разы — на захадзе сонца і перад усходам — пачысці іх Жар-птушчыным пяром, і яны зробяцца такімі, што люба глядзець. А калі з табою бяда якая здарыцца, то выйдзі ў чыстае поле і гукні свайго буланага каня: ён да цябе як бачыш прыбяжыць і будзе табе верна служыць. Падзякаваў Тром-сын дзядам і паехаў у свет на буланым кані. Трое сутак ехаў, на чацвёртыя прыязджае да высокай крутой гары. Бачыць — лятае над ёю Жар-птушка. Уся так і зіхаціць, так і гарыць, як само сонца. Аж вочы слепіць. Ён раз разагнаўся — не злавіў. Другі раз разагнаўся — не злавіў. Трэці раз разагнаўся — вырваў з хваста пяро. Пусціў буланага каня ў запаведныя лугі, на зялёныя мурагі, а сам палажыў Жар-птушчына пяро ў кішэнь і пайшоў да цара.

Далажылі цару, што вось знайшоўся такі майстар — бярэцца царскіх коней вылечыць. Кліча яго цар да сябе.

— Праўду кажаш, Тром-сын, ці маніш? — пытаецца цар.

— Праўду,— адказвае Тром-сын.

— То ідзі на стайню. Вылечыш — узнагароджу, не вылечыш — ласкі ад мяне не чакай.

Пайшоў Тром-сын на стайню. Коней там лікам не злічыць. I ўсе такія змардаваныя, што глядзець на іх не хочацца.

Дачакаўся Тром-сын вечара, выправіў царскіх конюхаў са стайні, а сам узяўся за работу. Аднаго каня пачысціў Жар-птушчыным пяром, другога, трэцяга — палавіну перачысціў. А ранічкай, да ўсходу сонца, яшчэ раз пачысціў.

Прыходзяць назаўтра конюхі ў стайню, бачаць — палавіна коней, як лялькі! Дзе тая хвароба падзелася!

Пабеглі конюхі да цара, дакладваюць:

— Ваша царская вялікасць, цяпер ты сваіх коней не пазнаеш!

Цар не мог на троне ўседзець, пайшоў сам коней глядзець. I — праўда: вылечаныя коні яго аж блішчаць! Кліча ён да сябе Тром-сына:

— Чым цябе за гэта ўзнагародзіць? Тром-сын адказвае:

— Нічога мне не трэба; пакінь, цар, мяне толькі за конюха. Я ўсіх тваіх коней вылечу.

Цар не пярэчыў:

— Добра. Будзеш ты ў мяне не толькі конюхам, а і начальнікам над усімі конюхамі.

Тут конюхаў зайздрасць узяла: яны гадоў па дваццаць — трыццаць на стайні служаць, а гэты хлапчына толькі што прыйшоў і ўжо над імі начальнікам стаў! Пачалі яны раіцца між сабою: якую б штуку прыдумаць, каб новага свайго начальніка са свету зжыць? I парашылі падгледзець, чым ён коней лечыць. Выправіў іх Тром-сын перад захадам сонца са стайні, а яны за варотамі схаваліся, праз шчылінкі глядзяць.

Выняў Тром-сын з кішэні пяро, і ўся стайня асвяцілася, як ад пажару...

Дачакаліся конюхі раніцы, бягуць да цара.

— Так і так, ваша царская вялікасць,— дакладваюць:— Тром-сын не сваёю сілаю коней лечыць! Як выняў ён з кішэні нейкае пяро, дык мы думалі, што ўся стайня загарыцца...

Паклікаў цар Тром-сына:

— Чым ты маіх коней лечыш?

Тром-сыну таіцца няма чаго, ён і адказвае:

— Ёсць у мяне пяро Жар-птушкі. Ім я і лячу.

— Ну што ж,— кажа цар,— чым лячыў, тым і лячы, абы вылечыў.

Зноў задумаліся конюхі, як Тром-сына са свету зжыць.

— Давайце,— кажа адзін,— пойдзем і скажам цару так: наш новы начальнік, п'яным будучы, хваліўся, што можа для цябе Жар-птушку дастаць — тую, з якой пяро вырваў...

Так і зрабілі.

«Ого,— думае цар,— такой птушкі ні ў кога няма: будуць мне ўсе цары ды каралі зайздросціць». Паклікаў ён да сябе Тром-сына:

— Праўда, што ты можаш для мяне Жар-птушку дастаць?

Тром-сын паціснуў плячыма:

— Не, не магу.

— Як не можаш! — узлаваўся цар.— Ты ж учора, п'яным будучы, хваліўся, што дастанеш! Глядзі: калі не дастанеш, дык мой меч — твая галава з плеч!

Пайшоў засмучаны Тром-сын у чыстае поле, паклікаў свайго буланага каня:

— Конь мой добры, конь мой любы! Дзе б ты ні быў,— каб да мяне прыбыў!

Тут як бачыш прыбягае да яго буланы конь:

— Чаго клікаў, гаспадар?

— Бяда ў мяне,— адказвае Тром-сын.— Парай, што рабіць. Загадаў цар загадку, не ведаю, як яе і разгадаць: хоча, бачыш, каб я яму Жар-птушку дастаў!

Конь кажа:

— Не смуткуй, гаспадар: гэта бяда невялікая! Скажы цару, каб даў табе ў дарогу тры кубкі салодкап'яных напіткаў і свой настольнік чысты. У карэту няхай запрагуць самых лепшых коней. Як усё гэта будзе зроблена — садзіся і едзь да той гары. Там расце вялікі дуб. На тым дубе Жар-птушка начуе. Прыедзеш — пасцялі царскі настольнік пад дубам і пастаў на яго салодка-п'яныя напіткі. А сам схавайся і ляжы. Жар-птушка як прачнецца — зляціць на зямлю. Тут яна ўбачыць напіткі і пачне іх піць. Нап'ецца і паваліцца без памяці. Ты ж, глядзі, не марудзь: загарні яе ў настольнік ды цягні ў карэту. I едзь адтуль як мага хутчэй. Будзе Жар-птушка перакідвацца ў змяю, у жабу, у яшчарку, а ты яе з рук не выпускай. Расказаў яму буланы конь, як і што рабіць, а сам памчаўся ў запаведныя лугі, на зялёныя мурагі.

Прыйшоў Тром-сын да цара, сказаў, што яму трэба ў дарогу.

Цару напіткаў не пазычаць. Намяшаў ён тры кубкі віна салодкага з п'яным, даў настольнік, запрог самых лепшых коней у карэту,— Тром-сын і паехаў. Прыехаў пад дуб адвячоркам, разаслаў настольнік, паставіў на ім тры кубкі віна, а сам схаваўся за куст.

I як казаў буланы конь — так усё і сталася.

Загарнуў Тром-сын п'яную Жар-птушку ў настольнік, сеў у карэту і памчаўся на ўвесь дух.

Працверазілася ў дарозе Жар-птушка, пачала перакідвацца ў жабу, у яшчарку, у змяю — ды нічога: пабушавала і зноў Жар-птушкаю стала.

Прывёз яе Тром-сын у царскі палац. Разгарнуў настольнік, і ўвесь палац, як сонца, заззяў.

— Ну,— кажа цар, паціраючы рукі,— дагадзіў ты мне, Тром-сын. Чым цябе за гэта ўзнагаро дзіць ?

— Нічога мне, цар, не трэба,— адказвае Тром-сын.— Пашлі мяне зноў на стайню: хачу пры сваёй рабоце застацца.

— Добра, ідзі на стайню.

Пачалі конюхі новую думу думаць, як Тром-сына са свету зжыць. Думалі, думалі,— нічога прыдумаць не могуць. Аж тут адзін выпадак дапамог: здарылася ў тым царстве зацямненне. Цэлыя тры дні не свяціла сонца. I ніхто — ні сам цар, ні яго мудрацы — не мог разгадаць прычыну, чаму тры дні сонца не свяціла.

Прыйшлі да цара конюхі і кажуць:

— Ваша царская вялікасць, Тром-сын, п'яным будучы, выхваляўся ўчора перад намі: вось, кажа, цар і ўсе яго мудрацы не могуць даведацца, чаму зацямненне было, а я магу даведацца!

Кліча цар да сябе Тром-сына:

— Што ты ўчора, п'яным будучы, гаварыў конюхам?

— Нічога не гаварыў,— адказвае Тром-сын.— I п'яным я не быў. Гэта яны, недавяркі, выдумалі.

Цар пачаў злавацца:

— Ты ж гаварыў, што можаш даведацца, чаму тры дні ў маім царстве сонца не свяціла.

— Як жа можна пра гэта даведацца? Хіба я сябрую з сонцам?

— Ты жартуеш з мяне! — закрычаў цар.— Глядзі: калі не даведаешся, дык мой меч — твая галава з плеч!

Пайшоў Тром-сын засмучаны ў чыстае поле. Свіснуў-крыкнуў свайго буланага:

— Конь мой добры, конь мой любы! Дзе б ты ні быў — каб да мяне прыбыў!

Тут як бачыш конь бяжыць, капытом зямлю б'е.

— Што, зноў бяда? — пытаецца.

— Бяда, кося, ой бяда... Выслухаў яго конь і кажа:

— Не смуткуй, гаспадар: гэта яшчэ не бяда. Скажы цару, няхай ссуча табе клубок у тры ніткі: нітка залатая, нітка сярэбраная і нітка шаўковая. Вазьмі гэты клубок і пусці перад сабою: куды ён пакоціцца, туды і ідзі. А прыкоціцца той клубок проста да сонцавай маткі. Там ты і даведаешся, чаму тры дні зацямненне было.

Цар, доўга не думаючы, ссукаў клубок у тры ніткі, як яму Тром-сын сказаў.

Выйшаў Тром-сын за царскую сталіцу і пусціў клубок перад сабою. Дакаціўся клубок да лесу. Бачыць Тром-сын — б'юцца пры дарозе выдра з крумкачом. I так б'юцца,— кроўю сплываюць. Крумкач выдру дзюбаю дзяўбе, а выдра крумкача зубамі грызе. Убачылі яны Тром-сына.

— Куды, Тром-сын, ідзеш, куды дарога твая вядзе? — пытаюцца ў яго.

— Іду да сонцавай маткі.

— Чаго?

— Даведацца, чаму ў нашым царстве тры дні сонца не свяціла.

— Успомні там, калі ласка, Тром-сын, і пра нас, дакуль нам тут біцца? Пазабіваліся да паўсмерці, а не ведаем нават за што.

— Добра, успомню.

Пакаціўся клубок далей. Прыкаціўся да мора. Ляжыць на моры кіт-рыба, а па ім людзі ездзяць: нават каляіны, ездзячы, павыбівалі.

— Добры дзень, кіт-рыба! — прывітаўся Тром-сын.

— Добры дзень, Тром-сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?

— Іду да сонцавай маткі.

— Чаго?

— Даведацца, чаму тры дні ў нашым царстве сонца не свяціла.

— Успомні там, калі ласка, Тром-сын, і пра мяне: дакуль мне тут ляжаць на адным месцы? Не магу нават на другі бок перавярнуцца.

— Добра, успомню.

Пакаціўся клубок далей і трапіў у густую дуброву. А там, у дуброве, стаіць хатка — уся абпаленая, абсмаленая...

Коціцца клубок проста ў хатку, і Тром-сын следам за ім ідзе. Сустрэла яго на парозе старэнькая сівая бабуля, сонцава маці.

— Тром-сын,— пытаецца ў яго бабуля,— па ахвоце ты сюды прыйшоў ці па няволі?

Пакланіўся Тром-сын старэнькай бабулі:

— Па няволі, матухна. Загадаў, бачыш, мне мой цар даведацца: чаму ў нашым царстве тры дні сонца не свяціла? Як не даведаюся, дык царскі меч, а мая галава з плеч...

Разгаварылася бабуля з хлопцам, і расказаў ён ёй, каго сустрэў па дарозе: пра выдру з крумкачом і пра кіта.

— Добра,— кажа бабуля,— я табе дапамагу. Як вернецца нанач мой сын, дык я пачну ў яго аб усім распытвацца, а ты запамінай.

Узяла бабуля валовую шкуру, загарнула ў яе Тром-сына і палажыла яго ў вялікую скрыню, а сама паслала. сабе і сыну пасцелі на скрыні.

Пачало змяркацца. Раптам укацілася ў хату само сонца. Сцены — трэсь-трэсь! Ад гарачыні.

— Добры вечар, матухна! — прывітаўся сын.

— Добры вечар, сынок. Дзе ты ходзіш, дзе ты бродзіш? Я адна без цябе сумую...

— Ах, матухна, і не пытайся: клопат у мяне вялікі!

Дала яму маці вячэраць. Наеўся сын ды лёг спаць на скрыню.

Маці трошкі паляжала, потым як скаланецца, быццам спрасонку...

Сын пытаецца:

— Чаго гэта ты, матухна, напужалася?

— Ах, сынок! Прыснілася мне, што ў адным царстве было зацямненне свету. З чаго б гэта яно так?

— Але,— кажа сын,— гэта праўда. А прычына таму такая: жыве ў акіяне-моры Настасея-прыгажуня. Я хацеў акіян-мора выпаліць і сабе яе за жонку ўзяць. Тры дні паліў і не выпаліў. Вось якая бяда ў мяне!

Маці зноў крыху паляжала і зноў скаланулася.

Сын пытаецца:

— Чаго гэта ты, матухна, напужалася?

— Ах, сынок, прысніла я сон, што на моры ляжыць кіт-рыба. Па ім людзі на калёсах ездзяць і нават каляіны на баках павыбівалі. А ён ляжыць, небарака, і зварухнуцца не можа. Цяжка яму. З чаго б гэта, сынок?

— Гэта з таго,— адказвае сын,— што ён шмат караблёў з людзьмі праглынуў. Калі ён выкархне іх, дык зможа на другі бок перавярнуцца.

Зноў маці крыху паляжала і зноў скаланулася.

— Матухна, чаго ты гэтак сёння палохаешся?

— Ах, сынок, бачыла я ў сне: выдра з крумкачом б'юцца, аж кроў плыве. З чаго б гэта?

— З таго,— адказвае сын,— што выдра сабе за кума крумкача ўзяла, а ён панёс дзіця хрысціць і згубіў яго. Тады яна пачала яго біць, а потым яны і забыліся, за што б'юцца. Дзіця ж выдрына ў возеры каля трох вербаў жыве. Няхай крумкач знойдзе яго там і аддасць ёй, тады і перастануць біцца.

Пагаварылі яны так ды і заснулі.

Назаўтра, як сонца пайшло на работу, Тром-сын устаў, падзякаваў добрай бабулі і рушыў дахаты. Зайшоў па дарозе да кіта-рыбы і да выдры з крумкачом, расказаў ім, што ад сонца чуў. Выкархнуў кіт усе караблі з людзьмі і адразу лёгка перавярнуўся на другі бок. Знайшоў крумкач выдрына дзіця, і перасталі яны біцца.

Прыйшоў Тром-сын да цара.

— Ну што, Тром-сын, ці даведаўся ты, чаму тры дні сонца не свяціла?

— Даведаўся,— адказвае Тром-сын.— Жыве ў акіяне-моры Настасея-прыгажуня, дык сонца хацела акіян-мора выпаліць і сабе яе за жонку ўзяць. Тры дні паліла і не выпаліла. Таму і не свяціла ў гэты час.

Зарадаваўся цар, што нарэшце такі даведаўся аб прычыне зацямнення свету, і кажа:

— Чым цябе, Тром-сын, узнагародзіць за гэта?

— Нічога, цар, мне не трэба,— хачу толькі пры сваёй рабоце застацца.

— Добра, заставайся.

Пайшоў Тром-сын у стайню і давай там конюхаў лаяць ды прабіраць за іх хлусню.

Конюхі аж шалеюць ад злосці. Сабраліся ды зноў пачалі думаць, як ад Тром-сына збавіцца. Адзін кажа:

— Хадзем, браткі, да цара і скажам яму, што Тром-сын хваліўся Настасею-прыгажуню з дна акіяна-мора дастаць...

Пайшлі да цара і сказалі яму так. Кліча цар да сябе Тром-сына:

— Што ты ўчора, Тром-сын, гаварыў, калі п'яным быў?

— Нічога не гаварыў,— кажа Тром-сын.— I п'яным не быў.

— Лжэш! Ты гаварыў конюхам, што можаш Настасею-прыгажуню з дна акіяна-мора дастаць і мне прывезці.

Тром-сын пачаў спрачацца:

— Як гэта можна? Само сонца не магло выбавіць яе адтуль, а я што зраблю?

— Зробіш! — крыкнуў цар.— Глядзі: не дастанеш, дык мой меч — твая галава з плеч!

Пайшоў Тром-сын, заплакаўшы, з палаца проста ў чыстае поле. Крыкнуў-свіснуў свайго добрага каня. Конь бяжыць, капытамі зямлю сячэ:

— Навошта, гаспадар, турбуеш мяне?

— Бяда, косю. Загадаў пракляты цар Настасею-прыгажуню з дна акіяна-мора дастаць яму. Парай, як гэта зрабіць?

— Гэта не бяда,— адказвае конь.— Скажы цару, каб ён шаўковы шацёр пашыў і каб тавару прывабнага падрыхтаваў — хустак каляровых, каснікоў, стужак... Вазьмі ўсё гэта і едзь да акіяна-мора. Як прыедзеш — разапні шацёр і разлажы ў ім тавары прывабныя. Настасея-прыгажуня будзе на лодцы прагулянку рабіць. Першы раз праедзе — нічога не скажа, а назад будзе варочацца — запытае ў цябе: «Пан купец, якімі таварамі ты гандлюеш?» Ты ёй скажы: «Калі ласка, Настасея-прыгажуня, плывіце да берага, я пакажу вам усе свае тавары». Яна падплыве, а ты хапай яе, саджай у карэту і вязі ў царскі палац. А цяпер бывай, Тром-сын. Калі яшчэ якая патрэба будзе, кліч мяне.

Як сказаў добры конь, так усё і сталася. Прывёз Тром-сын Настасею-прыгажуню ў царскі палац. Спадабалася яна цару.

— Ну, Тром-сын,— кажа цар,— цяпер прасі ў мяне якой хочаш узнагароды.

— Шчога мне, цар, не трэба: пайду зноў на стайню служыць.

I пайшоў.

Дужа закахаўся цар у Настасею прыгажуню. Старая жонка яго памерла, дык ён захацеў жаніцца на маладой. Настасея яму кажа:

— Каб я ведала, што мне давядзецца замуж за самога цара ісці, дык забрала б з акіяна-мора ўсю сваю красу, а так у мяне пры сабе і палавіны яе няма.

Цар захваляваўся, кліча Тром-сына:

— Дастаць з дна акіяна-мора ўсю красу Настасеі-прыгажуні!

Тром-сын нахмурыўся:

— Што ты, цар, надумаўся? Хіба ж можна красу даставаць?

Цар стукнуў сваім царскім посахам аб падлогу:

— Маўчаць! Рабі, што табе кажуць. А не, дык мой меч — твая галава з плеч!

Пайшоў Тром-сын за горад, у чыстае поле. Крыкнуў-свіснуў там свайго буланага каня:

— Конь мой добры, конь мой любы! Дзе б ты ні быў,— каб да мяне прыбыў!

Прыбягае да яго буланы конь:

— Чаго клікаў, гаспадар?

— Зноў не дае мне цар спакою,— кажа Тром-сын.— Хоча, каб я дастаў красу Настасеі-прыгажуні. Дзе ж яе дастаць?

Адказвае буланы конь:

— Ідзі на акіян-мора, там убачыш кіт-рыбу. Скажы яму, каб выкінуў з мора залаты куфэрак. У тым куфэрку — качка, у качцы — залатое яйка — гэта яе краса!

— А няхай яе самую качкі стопчуць! — скрывіўся Тром-сын і падаўся на акіян-мора.

Доўга ішоў ён ці коратка, прыходзіць нарэшце да знаёмага кіта. Ляжыць ён цяпер на другім баку і бяды не знае.

— Добры дзень, кіт-рыба! — пакланіўся Тром-сын.

— Добры дзень, Тром-сын! — адказвае кіт.— Дзе блукаеш, чаго шукаеш?

— Ды вось,— кажа Тром-сын,— прыйшоў да цябе дапамогі прасіць. Выкінь мне, калі ласка, з дна акіяна-мора залаты куфэрак Настасеі-прыгажуні.

— Гэта можна. Толькі ты, брат, адыдзіся на сем вёрст ад мора: бачыш, я калі нырну на дно, дык вялікі разліў зраблю.

Адышоўся Тром-сын на сем вёрст ад берага. Кіт нырнуў на дно і адразу ўвесь бераг затапіў. Доўга блукаў кіт па дне, нарэшце

вынес адтуль залаты куфэрак, падаў Тром-сыну:

— На, бяры!

Падзякаваў Тром-сын кіту за паслугу, адчыніў куфэрак, а качка — фыр! — і паляцела на мора...

Тром-сын ледзь не заплакаў ад жалю.

«Вось каб цяпер той крумкач тут быў: ён бы мне ў бядзе дапамог!» — падумаў Тром-сын.

I толькі ён так падумаў, бачыць — ляціць крумкач. Пагнаўся крумкач за качкаю, злавіў яе над морам і разарваў на кавалкі. Залатое яйка вывалілася з качкі ды ўпала на дно мора.

Зноў засмуціўся Тром-сын. «Вось,— думае,— каб тут тая выдра была: яна б мне ў бядзе памагла!»

Толькі ён так падумаў, як бачыць — стала перад ім выдра.

— Чаго ты ад мяне хочаш, Тром-сын?

— Зрабі ласку, даражэнькая: дастань з дна акіяна-мора залатое яйка.

Кінулася выдра на дно акіяна-мора. Тры дні чакаў яе Тром-сын. На чацвёрты выплыла выдра і падала яму ў рукі залатое яйка.

Узяў Тром-сын залатое яйка, падзякаваў добрай выдры ды пайшоў назад.

Разбіла Настасея залатое яйка і — была прыгожая, а то адразу ўдвая папрыгажэла! Цар пагладзіў бараду, засмяяўся.

— Ну,— кажа,— цяпер будзем вянчацца.

— Не,— адказвае Настасея-прыгажуня,— яшчэ не пара.

— Чаму ж? — спалохаўся цар.

— Бо няма яшчэ пры мне маёй весялосці.

— Гэй, паклікаць сюды Тром-сына!— загадаў цар.

Прыходзіць Тром-сын у палац. Настасея-прыгажуня кажа яму:

— Калі ты, слаўны дзяцюк, умеў дастаць мяне і маю красу, дык дастань яшчэ і маю весялосць.

— Дзе ж мне яе дастаць? — пытаецца Тром-сын.

— Вазьмі з сабою сваіх конюхаў і ідзі ў заморскую пушчу. Там убачыш хатку. У ёй жыве мой брат Воўк Ваўковіч. Ён табе зробіць гуслі-самаграі: гэта і ёсць мая весялосць. I яшчэ на табе маю хустачку: калі вельмі захочацца спаць, дык вытры ёю вочы...

Узяў Тром-сын конюхаў і падаўся ў дарогу. Доўга яны ішлі ці коратка, прыходзяць нарэшце адвячоркам у тую пушчу, дзе жыў Воўк Ваўковіч.

— Чаго, Тром-сын, прыйшоў да мяне? — пытаецца Воўк Ваўковіч.

— Зрабі мне, будзь ласкаў, гуслі-самаграі.

— А ёсць каму лучынай свяціць? Бачыш, цёмна ўжо, дык без святла я іх не зраблю.

— Ёсць.

Выправіў Тром-сын аднаго конюха свяціць. Той свяціў, свяціў ды і задрамаў. Узлаваўся Воўк Ваўковіч і праглынуў яго. Аблізнуўся і просіць другога работніка. Тром-сын выправіў яму другога. Той таксама свяціў, свяціў ды і задрамаў. Воўк Ваўковіч і яго праглынуў. Просіць трэцяга. I трэцяга праглынуў. I ўсіх паглытаў.

— А цяпер,— кажа Тром-сыну,— свяці сам.

Пачаў Тром-сын свяціць. Свяціў, свяціў, і раптам так спаць захацелася, што бяда. Дастаў ён Настасеіну хустачку і пачаў выціраць вочы.

Паглядзеў Воўк Ваўковіч на хустачку:

— Ах, Тром-сын, чаму ж ты мне раней нічога не сказаў: гэта ж хустачка маёй роднай сястры Настасеі-прыгажуні! Ну, для яе дык я і гатовых гусляў не пашкадую!

Вынес ён гатовыя гуслі-самаграі:

— На, нясі сястры.

Узяў Тром-сын гуслі-самаграі, падзякаваў Ваўку Ваўковічу і пайшоў назад.

Ідзе ды паціху на гуслях іграе. Сустракае па дарозе разбойніка з дубінкаю ў руках. Пачуў разбойнік ігру на гуслях-самаграях, спыніўся ды давай скакаць. Сам скача, і дубінка яго скача. I ніяк суняцца не могуць.

— Аддай,— просіць разбойнік у Тром-сына,— мне гэтыя гуслі: вельмі ж яны мне падабаюцца!

— А ты мне што за іх дасі?

— Дам табе сваю дубінку.

— А што я з ёю рабіць буду?

— Яна ў мяне такая, што якую хочаш сілу сама паб'е. Хоць тут дваццаць палкоў войска стаў, дык мая дубінка іх і пакалоціць і памалоціць.

Аддаў Тром-сын разбойніку гуслі, а сабе ўзяў дубінку. Прайшоў ён колькі часу і ўспомніў пра гуслі.

— Ах,— кажа,— што ж я нарабіў! Што я цяпер Настасеі-прыгажуні скажу? Гэй, дубінка, бяжы адбяры ў разбойніка гуслі!

Дубінка — скок, скок! Дагнала разбойніка і давай яго дубасіць.

— Аддай,— крычыць,— Тром-сыну гуслі-самаграі, а то я цябе заб'ю!

Кінуў разбойнік гуслі ды ходу. Дубінка падхапіла гуслі і прынесла Тром-сыну.

Пайшоў ён далей. Сам на гуслях іграе, а дубінка скача.

Трапіўся насустрач вядзьмар. Пачуў ён музыку і таксама пусціўся ў скокі. Скакаў, скакаў, аж чорная барада змакрэла.

— Аддай мне,— просіць вядзьмар у Тром-сына,— гэтыя гуслі.

— А ты мне што за іх дасі?

Выняў вядзьмар з кішэні залатую шкатулку:

— Дам я табе гэтую шкатулку.

— А што я з ёю рабіць буду? Адчыніў вядзьмар шкатулку, а з яе як паваліць войска! Цэлыя палкі сталі. Дзівіцца Тром-сын: вось гэта дык штука! Тут вядзьмар закрычаў да войска:

— Марш на месца!

I войска зноў у шкатулку пайшло.

Тром-сын забыўся на ўсё, аддаў ведзьмару гуслі, а сабе ўзяў цудоўную шкатулку. Пайшоў ён з дубінкаю і шкатулкаю далей. Мінула ці мала, ці многа часу, зноў успомніў Тром-сын пра гуслі:

— Вось у мяне цяпер і войска сваё ёсць, а хто ж яму маршы іграць будзе? Гэй, дубінка, бяжы адбяры гуслі-самаграі!

Дубінка — скок, скок! Пабегла, адабрала ў ведзьмара гуслі. Пайшлі далей з музыкаю. Едзе насустрач багаты купец. Пачуў ён музыку і давай скакаць. Сам скача, фурман скача, коні скачуць. Скакаў, скакаў купец, змарыўся, боты скінуў, кашулю скінуў, а ўсё скача. Наскакаўся ў ахвоту і кажа:

— Гэй, дзяцюк, аддай мне свае гуслі!

— А ты мне што дасі за іх?

Купец пакапаўся ў возе, дастаў настольнік:

— На табе гэты настольнік.

— Навошта ён мне?

— Як навошта? Ты толькі яго пасцялі, дзе хочаш, і скажы: «Піценне-ядзенне, да мяне!» I ўсё табе будзе.

Тром-сыну даўно ўжо есці хацелася.

— Ану давай,— кажа,— паглядзім, чым ён частуе!

Паслаў купец настольнік пасярод дарогі, сказаў што трэба, і тут такія стравы ды напіткі з'явіліся, што лепшых і не трэба. Наеўся Тром-сын, напіўся і памяняў гуслі на настольнік.

Пайшоў ён далей. Успомніў у дарозе пра гуслі.

— Э,— кажа,— а ўсё ж з гуслямі весялей было б ісці. Дубінка, вярні гуслі!

Дубінка — скок, скок! Падбегла да купца і пачала яго дубасіць:

— Аддавай гуслі!

Купец кінуў гуслі, а сам выхапіў у фурмана пугу ды давай коней гнаць — ад бяды ўцякаць.

Пайшоў Тром-сын далей. Бачыць — на панскім двары цесляры дом будуюць. Тром-сын зайграў на гуслях. Тут усе цесляры сякеры пакідалі ды ў скокі. Скачуць і смяюцца. Весела ім стала. Наскакаліся ў ахвоту, тады адзін з цесляроў і кажа Тром-сыну:

— Вось пацешыў ты нас, хлопча. А то мы ўсё жыццё на пана робім і ніколі не весялімся. На табе за гэта ад нас падарунак.

I даў цясляр Тром-сыну сякерку.

— Навошта яна мне? — пытаецца Тром-сын.

— Гэта не простая сякерка,— адказвае цясляр.— Ты ёй толькі загадай, дык яна табе за адну ноч любы палац збудуе. Мы яе, братка, ад пана хавалі, бо як дачуецца,— адбярэ. Дык лепш ужо няхай добры чалавек спажывае.

Падзякаваў Тром-сын цеслярам за падарунак ды пайшоў да стольнага горада. Падышоў да ракі, а за ёю ўжо і сам царскі палац відаць. Спыніўся Тром-сын на беразе ракі і загадаў сякерцы пабудаваць за адну ноч палац лепшы за царскі. А сам лёг спаць. Устае на досвітку, бачыць — стаіць новы палац, ды такі прыгожы,— лепшы за царскі. Адчыніў шкатулку — войска валам валіць. Пастала войска каля палаца, каманды чакае. Тым часам разгарнуў Тром-сын настольнік — сам наеўся, напіўся, войска накарміў ды пачаў на гуслях іграць. А войска маршыруе пад музыку: раз-два! раз-два!

Прачнуўся цар, паглядзеў у акно — бацюхны! Стаіць за ракою новы палац, лепшы, чым яго, і войска пад музыку маршыруе... Адкуль усё гэта?

Паклікаў ён Настасею-прыгажуню:

— Паглядзі, душа мая, што гэта робіцца ў нашым царстве...

Паглядзела яна і кажа:

— Гэта Тром-сынава работа. Паслаў цар за раку слугу:

— Пакліч Тром-сына!

Пераехаў слуга раку на чоўне, перадаў царскі загад. Тром-сын кажа:

— Не вялікі твой цар пан: захоча, то сам мяне наведае.

Хоць і не гонар цару самому да свайго конюха ехаць, ды рабіць няма чаго. Сеў ён у човен з Настасеяй-прыгажуняй, паехаў на другі бераг да новага палаца.

Тром-сын сустрэў іх як належыць: з паклонам, з музыкай. I павёў паказваць свой палац. Пахадзілі яны, паглядзелі,— Настасеі-прыгажуні ўсё тут да душы, а цар як цёмная хмара ходзіць: не падабаецца яму, што ў конюха такі палац і такое войска... Думае цар: як яму Тром-сына загубіць, каб палац і войска сабе забраць?

Прыйшлі на кухню. Тром-сын хацеў гасцей пачаставаць. Але толькі ён дастаў цудоўны настольнік, як Настасея-прыгажуня выхапіла ў цара меч і — чах! — па Тром-сыну. Галава Тром-сына так і паляцела ў куток. Тады яна пасекла яго мячом на дробныя кавалкі і загадала кухарам нагрэць поўны кацёл малака. Кухары нагрэлі. Настасея ўкінула пасечанага Тром-сына ў кіпень, потым дастала, астудзіла і спырснула гаючаю вадою. Як бачыш усе пасечаныя часткі зрасліся! Яшчэ раз спырснула жывучаю вадою — і Тром-сын усхапіўся на ногі. Ды такі стаў прыгожы, такі стройны асілак, што люба паглядзець! Цар аж вочы вылупіў: вось каб яму такую красу ды такую сілу! I прыстаў да Настасеі-прыгажуні:

— Зрабі і мяне такім!

— Добра,— кажа яна,— зраблю.

Ухапіла меч, пасекла цара ды выкінула за плот. Сама ўзяла за руку Тром-сына і павяла ў палацы.

Сабраў Тром-сын гасцей з усіх валасцей, паклікаў бацькоў — родных і названых — і наладзіў гучнае вяселле.

I я на тым вяселлі быў, мёд, віно піў, па барадзе цякло, а ў роце не было. Далі мне там смаляную кабылку, лазовае сядло, гарохавую пугу. Еду я назад на кабылцы, бачу — гумно гарыць. Я спыніў кабылку, пачаў яго тушыць. Пакуль тушыў — кабылка мая ад агню растала, сядло козы з'елі, а пугу вароны раздзяўблі... Адтуль я далей пехатою пайшоў, да вас прыйшоў і гэтую казку расказаў.
Written by :
admin
 
Комментарии (0)Add Comment
Написать комментарий

busy
 
Яндекс Rambler's Top100 Rating All.BY TUT.BY