04 Ноя 2008 |
|
| Жыў сабе на свеце адзін добры чалавек. Было ў яго тры сыны — два разумныя, а трэці Іван-прасцяк. Разумныя пажаніліся; сем'і завялі, а Іван усё на печы ляжыць ды на жалейцы іграе. Прыйшла пара бацьку паміраць. Сабраў ён сыноў і кажа ім: — Сыны мае родныя, сыны мае любыя! Багацця вялікага я вам не пакідаю, але прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы. I як прыйдзеце, то скажыце: «Жоўты пясок, рассыпайся, сасновая труна, адчыняйся, бацька, з магілы падымайся!» Вось і ўсё. Сказаў ён гэта сынам, згарнуў рукі і памёр. Пахавалі сыны бацьку. Ну, трэба старэйшаму ісці на магілу начаваць. А яму боязна, ды і жонка не пускае: «Куды ты пойдзеш, яшчэ загінеш там! Што я тады адна рабіць буду?» Але ж нядобра не паслухаць бацькавай просьбы. — Пашлі за сябе Івана,— раіць жонка.— З ім калі што і здарыцца, дык ніхто шкадаваць не будзе. Старэйшы брат пачаў прасіць Івана: — Схадзі, братка, за мяне на бацькаву магілу... А Іван, лежачы на печы, адказвае: — Што я — дурань хадзіць за другіх? Прыйдзе мая чарга, тады і пайду. Брат ледзь не плача: — Схадзі, Іванка! Бачыш, жонка мяне не пускае... I ўгаварыў-такі. — Ну, добра,— згадзіўся Іван,— скажы толькі жонцы, каб пашыла торбу вялікую і палажыла ў яе два боханы хлеба. Я там хоць хлеба ўволю наемся, а то дома вашы жонкі мне есці не даюць. Пашыла жонка старэйшага брата вялікую торбу і палажыла туды два боханы хлеба. Узяў Іван торбу ды пайшоў на бацькаву магілу. Прыйшоў і сказаў, як бацька вучыў: — Жоўты пясок, рассыпайся, сасновая труна, адчыняйся, бацька, з магілы падымайся! Усё так і сталася. Падняўся бацька, паглядзеў на Івана і кажа: — А дзе ж мой старэйшы сын? — Ён, бачыш, баіцца цябе, дык мяне прыслаў,— адказвае Іван, уплятаючы лусту хлеба. — Ну што ж,— уздыхнуў бацька,— тады яго доля будзе табе. Слухай мяне, сынку: у зялёных лугах, на шаўковых мурагах пасецца конь сівай масці, з залатою грываю. Дзень пасецца, ноч гуляе, а як крыкне добры маладзец — ураз да яго прыбягае. Калі ён табе патрэбен будзе — крыкні-свісні поўным голасам, і конь стане перад табою, як ліст перад травою. А як нацешышся з яго, зноў пусці ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі. Сказаў так бацька, лёг у труну — магіла ўслед і закрылася. Адышоўся Іван ад магілы, крыкнуў-свіснуў поўным голасам — прыбягае да яго конь сівай масці, з залатою грываю. Стукнуў конь капытамі: — Што, Іван Іванавіч, загадаеш? — Хачу на табе пракаціцца. — Калі ласка! Сеў Іван на каня і паляцеў. Тры разы свет абляцеў і да зямлі не дакрануўся. Прымчаўся на старое месца. — Хопіць,— кажа каню,— нацешыўся! А цяпер бяжы ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі. Дзень пасіся, ноч гуляй, а як крыкну я — да мяне прыбягай! Пусціў каня, а сам торбу на плечы і пайшоў дахаты. Залез на печ, ногі на жэрдку закінуў ды іграе сабе на жалейцы. Разумныя браты дзівяцца: «Бач ты, нічога з ім і не сталася!» Прыйшла другая ноч — трэба сярэдняму сыну на бацькаву магілу збірацца. Пачаў ён Івана ўпрошваць: — Схадзі, братка, і за мяне... — Што я — парабак вам! — злуецца Іван.— Табе трэба, ты і ідзі! Тут і братава жонка да яго прыстала: — Зрабі, Іванка, ласку: схадзі за брата на бацькаву магілу! — Ну, добра,— згадзіўся Іван.— Давайце два боханы хлеба! Спакавалі яму торбу, ён і пайшоў. Прыйшоў на магілу, сказаў, што трэба. Бацька падняўся і зноў дзівіцца: — Чаму ж сярэдні мой сын не прыйшоў наведаць мяне? — Ён баіцца цябе,— адказаў Іван,— дык і не прыйшоў. — Ну што ж,— уздыхнуў бацька,— тады і яго доля будзе табе. Слухай мяне, сынку: ёсць у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах яшчэ адзін конь, гнедай масці, маладзейшы за першага. Дык ён таксама будзе табе служыць. Абляцеў Іван два разы свет на кані гнедай масці і вярнуўся дахаты. На трэцюю ноч прыйшла яго чарга. Пайшоў ён на бацькаву магілу. Падняўся бацька і кажа: — Шкада мне цябе, сынок: ты ўсё адзін да мяне ходзіш... Ну, дык няхай і трэці, самы маладзейшы, конь служыць табе. А пасецца ён у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах і масці ён буланай. А цяпер больш да мяне не хадзі. Сказаў гэта бацька, лёг у труну, і магіла закрылася. Абляцеў Іван адзін раз свет і на кані буланай масці. Потым вярнуўся дахаты, лёг на печы ды іграе на жалейцы. — Вось,— дзівяцца разумныя браты,— наш дурань нідзе не прападзе! Але цяпер ужо хлеба мы яму не будзем даваць па два боханы на дзень — хопіць яму і заціркі! Тым часам у тым царстве ўздурылася ад нечага рабіць малодшая царская дачка: залезла на трэці ярус у цераме, села ля акенца і абвясціла, што, хто да яе на кані даскочыць, за таго яна замуж пойдзе. Тут усе, хто хацеў узяць сабе за жонку царскую дачку, кінуліся ў сталіцу. А іншыя пайшлі ды паехалі тое дзіва глядзець. Разумныя браты кажуць: — Давай і мы паедзем дзіва глядзець. Пачалі яны збірацца. Іван просіцца: — Вазьміце і мяне з сабою. Мне таксама хочацца дзіва паглядзець. — Куды табе ехаць? — смяюцца браты.— Там і без такіх дурняў абыдуцца. А калі надакучыла на печы ляжаць, дык дамо табе работу. Узялі яны два гарцы маку і два гарцы пяску, змяшалі ў кучу і кажуць: — Пакуль мы вернемся, каб усё гэта перабраў: мак — асобна, пясок — асобна. Засумаваў Іван, ды што зробіш. Усыпаў ён мак з пяском у торбу, лёг на печы і ляжыць. Торбу на чарэнь палажыў: няхай сохне. Мінуў, можа, тыдзень ці два, злез Іван з печы, перасыпаў мак з пяском у лубянку, торбай накрыў ды пайшоў са сваім дабром за цёмны лес у чыстае поле. Свіснуў-крыкнуў там поўным голасам — прыбягаюць да яго ўсе трое коней: сівай масці, гнедай масці, буланай масці. — Што скажаш нам, гаспадар? — Коні мае добрыя, коні мае любыя: чутка пайшла, што ў царскай сталіцы дзіва дзіўнае творыцца. Уздурылася малодшая царская дачка, залезла на трэці ярус у цераме, села ля акенцаі абвясціла, што, хто да яе на кані даскочыць, за таго замуж пойдзе. Ці не маглі б вы мяне туды завезці тое дзіва паглядзець? — Можна,— адказвае конь сівай масці.— Але паедзеш ты цяпер на самым малодшым з нас — на буланым. Выйшаў буланы конь наперад, махнуў грываю і кажа: — Лезь мне, Іване, у правае вуха, праз левае вылезь. Улез Іван буланаму каню ў правае вуха, праз левае вылез і стаў такім малайцом, што ні царэвіч, ні каралевіч не дакажа. Сеў ён на каня. Конь стукнуў капытамі і паляцеў. Доўга ляцеў ён ці коратка, аж вось і сталіца. Там ужо ўсе пазбіраліся дзіва глядзець. I браты Іванавы збоку стаяць, раты паразяўлялі. Тут буланы конь як скокнуў з разгону, дык, можа, на які локаць усяго і не даскочыў да царэўны. Апусціўся на зямлю за церамам ды віхрам памчаўся далей. Быў і няма! Усе аж ахнулі, і царэўна ахнула: «Лавіце, лавіце яго!» Прымчаўся конь на старое месца. Іван улез яму ў левае вуха, праз правае вылез, стаў такім, як быў, ды кажа: — Дзякую, конь мой добры! Паглядзеў і я царэўну. А цяпер памажы мне зрабіць яшчэ адну работу: перабраць два гарцы маку і два гарцы пяску... Конь кажа: — Раздзяры торбу на дзве посцілкі і высып з лубянкі свой мак. Іван так і зрабіў. Як дзьмухнуў конь ноздрамі, дык мак апынуўся на адной посцілцы, а пясок на другой. Згарнуў Іван посцілкі, падзякаваў каню ды пайшоў дахаты. А ў лубянку назбіраў па дарозе грыбоў. Дома братавыя напалі на яго: — Дзе ты, дурань, ходзіш? Ці перабраў ты мак? Будзе табе ад братоў, як вернуцца! — А няхай вас качкі стопчуць! — кажа Іван.— Перабраў і мак і яшчэ во грыбоў прынёс. А вы ўсё кажаце, што я нічога не раблю. Прыязджаюць неўзабаве са сталіцы і разумныя браты. — Што там было, што рабілася! — расказваюць жонкам.— Але ніхто і да другога яруса не мог падняцца. Толькі адзін нейкі царэвіч на кані буланай масці чуць да царэўны не даскочыў. Яму б яшчэ з локаць вышэй... Эх, шкада! А такі прыгожы царэвіч быў, нават сама царэўна ахнула ды закрычала: «Лавіце, лавіце яго!» Ды дзе там! А Іван ляжыць на печы, пасміхаецца: — Ці не я гэта там быў? Браты зашыкалі на яго: — Маўчаў бы ты, дурань! Праз нейкі час царэўна зноў аб'яву дае, каб усе з'язджаліся ў сталіцу. А сама села ўжо ля акенца чацвёртага яруса. Сабраліся ехаць і разумныя браты. — Вазьміце і мяне з сабою! — просіцца Іван. — Ах ты, дурань такі-сякі! Што табе, работы дома няма? От мы табе дамо работу. Узялі браты тры гарцы пяску і тры гарцы маку, змяшалі ўсё і загадалі Івану перабраць, пакуль яны вернуцца. Пачакаў Іван колькі часу, высыпаў мак з пяском у лубянку, узяў дзве посцілкі і пайшоў за цёмны лес, у зялёныя лугі. Свіснуў-крыкнуў там поўным голасам — прыбеглі да яго добрыя коні. — Чаго клікаў нас, гаспадар? — Ды так і так,— кажа Іван,— зноў царэўна аб'яву дала, каб усе ў сталіцу ехалі. Ці не можна б і мне паехаць тое дзіва паглядзець? Сівы конь адказвае: — Добра. Але цяпер ты паедзеш на гнедым. Ну, Іван зрабіў тое, што трэба, сеў маладзец-малайцом на гнедага каня і паляцеў у сталіцу. Усе ехалі туды па месяцу, па два, а ён за гадзіну дамчаўся. I паспеў якраз. Гнеды конь як сігануў, дык толькі на паўлокця да царэўны не даскочыў... Царэўну цікавасць узяла: хто ж гэта такі той храбры царэвіч, што і другі раз ледзь не даскочыў да яе? Вось па некаторым часе дае яна трэцюю аб'яву, а сама залазіць на пяты ярус. I на гэты раз зноў з'ехаліся туды ўсе цары і царэвічы, каралі і каралевічы, усе паны і дваране. Паехалі і разумныя браты, пакінуўшы Івану работу: чатыры гарцы маку з пяском перабраць. Вылежаўся Іван на печы, узяў мак з пяском ды пайшоў да сваіх коней. — Ці не можна было б яшчэ разок з'ездзіць у сталіцу? — кажа коням. — Можна то можна,— адказаў сівы конь.— Але цяпер ужо ты паедзеш на мне самім. Калі і я не даскочу да царэўны, дык больш і гаварыць аб гэтым не будзем. Зрабіў Іван усё, што трэба, сеў на каня, свіснуў-крыкнуў і паляцеў у сталіцу. Гадзіны не мінула, а ён ужо там апынуўся. — Ну, трымайся! — крыкнуў яму сівы конь. Заржаў сівы конь на ўсю сталіцу, узвіўся ўгору і даскочыў да самай царэўны. А царэўна — стук, стук — і паставіла Івану дзве свае пячаткі: адну на лоб, другую — на патыліцу. Конь спусціўся на зямлю ды памчаўся прэч. Усе крычаць: «Лаві, лаві!» А лавіць і няма каго: тут быў — тут няма... Прымчаўся Іван назад, папрасіў каня, каб перабраў мак, і пусціў яго ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі. А сам насунуў шапку на самыя вушы, каб пячаткі не відаць былі, ды пайшоў дахаты. Па дарозе зноў назбіраў лубянку грыбоў. Прыехалі браты, пачалі жонкам пра дзіва расказваць: — Што там было, што рабілася! Усе скакалі, але і да другога яруса не даскочылі, а адзін царэвіч — прыгожы такі, увесь у золаце — як сігануў, дык да самай царэўньі даскочыў, а яна яму пячаткі свае на лоб і на патыліцу паставіла. Іван слухае з печы ды смяецца: — Ці не я гэта там быў? — Сціхні, дурань! — зашыкалі на яго браты.— Не з тваім розумам і спрытам зрабіць такое! Ці перабраў ты хоць мак? — Перабраў,— адказвае Іван,— няхай вас з вашым макам! Клопат адзін, ды і толькі. Паглядзелі браты, і дзіва іх узяло: як гэта можна было гэтулькі маку з пяску выбраць? — То, відаць, хапіла табе работы! — кажуць. Тым часам царэўна дала аб'яву, каб з'явіўся да яе жаніх. Перш-наперш паклікала да сябе ўсіх царэвічаў і каралевічаў. Агледзела — няма жаніха! Тады паклікала паноў і купцоў — таксама няма! Прыйшла чарга і да іншых — мужыкоў ды парабкаў. Усіх загадала збіраць. — Ну,— кажа Іван да братоў,— раней я прасіўся, каб вы ўзялі мяне, а цяпер пайду і без вас! Узяў сваю жалейку, торбу за плечы і пайшоў за цёмны лес, у чыстае поле. Крыкнуў-свіснуў там поўным голасам — прыбягаюць да яго ўсе трое коней. — Коні мае добрыя,— кажа Іван,— загадала царэўна з'явіцца на яе вочы ўсім мужыкам ды парабкам. Ці не можна і мне паехаць да яе? Сівы конь адказвае: — Цяпер ты зноў паедзеш на малодшым з нас. I едзь такім, як ёсць. А буланаму каню дае наказ: — Завязі ты яго, братка, да лазні, што каля царскага палаца стаіць, і пакінь там. А ты,— кажа да Івана,— залезь у лазні на палок ды іграй на жалейцы. Цябе знойдуць, як трэба будзе. Як бачыш замчаў яго буланы конь да лазні. Увайшоў Іван у лазню, залез на палок ды іграе сабе на жалейцы. Тым часам царэўна са служанкаю ўсіх мужыкоў ды парабкаў перагледзелі — няма жаніха! Аж раптам чуюць: нехта ў лазні іграе, ды так хораша, што люба слухаць. Пайшлі туды, адчынілі, бачаць — ляжыць на палку хлапец, абадраны, абшарпаны, шапка на лоб насунута... I так іграе на жалейцы, што ногі самі ў скокі ідуць. Падышла да яго царэўна, зняла падраную шапку, глядзіць, аж яе пячатка на лбе! Паглядзела на патыліцу — і там яе пячатка! — Ну,— кажа яна Івану,— гэта ты мой жаніх! Хадзем да бацькі. Узяла яго за руку і вядзе, а Іван упіраецца: — Куды я пайду! Каб з мяне там насмяяліся? Прывяла яго сяк-так царэўна ў харомы. Бацька як убачыў, давай плявацца: — Каго гэта ты сабе за мужа выбрала?! Дачка кажа: — Але ж на ім мае пячаткі,— значыцца, ён мой суджаны муж. Такі мой лёс. Нічога не зробіш... Хоць не хоць — прыйшлося гуляць вяселле. Стаў Іван царскім зяцем. А было ў таго цара яшчэ два зяці, што на старэйшых дочках пажаніліся. Тыя, вядома, з князёў ды каралёў былі. Вось сабраў аднойчы цар сваіх багатых зяцёў і кажа: — Я ўжо стары, і смерць мая не за гарамі. Каму ж з вас царства перадаць? — Мне! — кажа адзін зяць. — Не, мне! — кажа другі. I так заспрачаліся, што ледзь не да бойкі справа даходзіць. Тады цар кажа: — Вось што, зяці мае любімыя: ёсць у адным царстве, у адной старане свінка — залатая шчацінка, лычам арэ, нагамі барануе, а ўслед за ёю пірагі растуць, ды такія, што можна хоць самому цару есці. Каторы з вас дастане тую свінку і прывядзе ў мой палац, таму ўсё царства адпішу! Тут зяці, доўга не думаючы, узялі па палку салдат і з музыкай паехалі шукаць свінку — залатую шчацінку. Кажа царская дачка свайму мужу: — Швагры твае вунь паехалі шукаць свінку — залатую шчацінку, а ты што сабе думаеш? Ім бацька ўсё царства адпіша, а мы як жыць будзем? — Нікуды я не паеду! — адказвае Іван.— Выдумалі ліха ведае што — нейкую свінку! Дзе яе возьмеш? Жонка заплакала, а Іван узяў сваю жалейку ды і пачаў іграць. Мінула так з месяц ці больш, тады Іван кажа да жонкі: — Схадзі да бацькі, папрасі ў яго якой-небудзь заваляшчай кабылкі: паеду і я свінку шукаць. — Дурань ты,— кажа жонка,— швагры ўжо, можа, даўно знайшлі яе ды вязуць дамоў, а ты цяпер толькі надумаўся ехаць! — Няхай сабе! Схадзі да бацькі. А калі не дасць, дык я пехатою пайду. Пайшла жонка да бацькі. — Татулька,— кажа,— просіць мой Іван хоць якой заваляшчай кабылкі: хоча і ён па свінку ехаць. Цар пасмяяўся, але кабылку даўХ Сабраўся Іван, сеў на кабылку задам наперад ды паганяе. — Глядзіце,— дзівяцца царскія слугі,— дурны па-дурному і едзе! Выехаў ён за горад і пусціў кабылку ваўкам на спажыву. А сам як крыкне, як свісне — прыбягаюць да яго ўсе трое коней: сівы, гнеды, буланы. — Што скажаш нам, гаспадар? — Ах, коні мае добрыя! — кажа Іван.— Ёсць у адным царстве, у адной старане свінка — залатая шчацінка, лычам арэ, нагамі барануе, а ўслед за ёю пірагі растуць, ды такія, што можна самому цару есці! Ці не можам мы яе дастаць? — Можам! — адказвае сівы конь.— Паедзеш ты па свінку на малодшым з нас. Але вам трэба ўзяць з сабою шаўковы шнурок і раменны бізун. — Дзе ж мне іх узяць? — пытаецца Іван. — Пачакай крышку. Узвіўся сівы конь і паляцеў у зялёныя лугі. Праз хвіліну прылятае з раменным бізуном і шаўковым шнурком. — Вось табе ўсё, што трэба. Толькі, глядзі,— лупі свінку гэтым бізуном не лянуючыся, пакуль не здасца, а ты, буланы, дратуй яе капытамі. Улез Іван буланаму каню ў правае вуха, праз левае вылез, стаў добрым малайцом, сеў і — толькі яго і бачылі. Ці доўга ляцелі яны, ці коратка, аж прылятаюць у тую краіну, дзе жыве свінка — залатая шчацінка. Глядзіць Іван, а яна і праўда: лычам арэ, нагамі барануе... Падкраўся ён да свінкі ды давай бізуном яе хвастаць. Конь капытамі дратуе, а ён бізуном хвошча. Свінка цярпела, цярпела, ды моцы не стала. — Ах,— кажа,— заморскі царэвіч Іван Іванавіч, за што ты мяне забіваеш? — Здавайся,— крычыць Іван,— бо не пушчу цябе жывую! I датуль біў яе, пакуль свінка не здалася. Зашмаргнуў тады Іван ёй на шыю шаўковы шнурок, сеў на буланага каня і паехаў, а свінка ззаду бяжыць. Едзе так, едзе, бачыць — насустрач два палкі салдат ідуць, музыка іграе. «Ну,— думае Іван,— гэта, напэўна, швагры мае яшчэ па свінку едуць». Улез ён буланаму каню ў левае вуха, праз правае вылез і стаў такім, як быў. Каня пусціў, а свінку за шнурок да дуба прывязаў. Свінка тая і давай сваёю работаю займацца: лычам арэ, нагамі барануе... Расклаў Іван у дубняку цяпельца, грэецца ды на жалейцы іграе. Пад'язджаюць швагры бліжэй, бачаць — з дубняку дымок уецца. Кажуць яны сваім слугам: — Пайдзіце паглядзіце, хто там дыміць. Слугі пайшлі, аб усім даведаліся, прыкурылі ад цяпельца і назад вярнуліся. — Ну, што там? — пытаюцца швагры. — Ды гэта ж,— кажуць слугі,— наш дурань дыміць там. Ён ужо і свінку тую вядзе. — Не можа быць! — дзівяцца швагры.— Пойдзем самі паглядзім. I калі што, дык выпрасім у яго свінку або адбярэм. Прыходзяць у дубняк, глядзяць — і праўда: сядзіць Іван ля цяпельца, на жалейцы іграе, а свінка каля дуба сваю работу спраўляе... — Добры дзень, швагер! — Добры дзень! — Дык гэта ты ўжо раней за нас і свінку дастаў? — Я адну толькі дастаў,— адказвае Іван,— а там іх цэлая чарада: хопіць і вам. — Што ты хлусіш, швагер! Такая толькі адна і ёсць на свеце. Аддай ты нам гэтую свінку. А Іван стаіць на сваім: — Гэта мая свінка, і я сам павяду яе цесцю. Швагры ж як прысталі да яго — не адчапіцца. «Мы табе,— кажуць,— і тое дамо, і гэтае...» Надакучыла Івану слухаць іх, ён і кажа: — Ну, ліха з вамі: калі адрэжаце па мезеным пальцы з правай нагі, то бярыце яе сабе. Падумалі швагры і згадзіліся: што ж, мезены палец варты палавіны царства! Адрэзалі яны пальцы, узялі свінку — залатую шчацінку і вясёлыя павялі яе ў сталіцу. А Іван палажыў пальцы ў сваю каліту, пагрэўся яшчэ трохі каля цяпельца, потым клікнуў буланага каня, сеў на яго і памчаўся. Швагры ехалі, можа, з месяц, а Іван — за адзін дзень справіўся. Прыехаў да горада, буланага пусціў у зялёныя лугі, а сам да жонкі пайшоў. Убачыла яго жонка без нічога, рукамі пляснула: — Дзе ж ты бацькаву кабылку падзеў? — Ды, бачыш,— кажа Іван,— дрэнная кабылка трапілася: прыстала ў дарозе... Ну, я кінуў яе і сам пехатою вярнуўся. Жонка ў плач: — Ох, ліханька з табою: выпрасіла ў бацькі кабылку, а ты яе страціў і свінкі не прывёў... Вось праз нейкі час вярнуліся і швагры са свінкаю. Прывязалі яе на дзядзінцы каля царскіх харомаў. Свінка і пачала дзівы вырабляць: лычам арэ, нагамі барануеУа за ёю гатовыя пірагі растуць... Колькі тут было радасці і шваграм і цару! Паклікаў цар гасцей — паноў ды князёў — дзіва глядзець. Бо ніводзін цар такой свінкі не мае! Раз'ехаліся госці, а швагры пайшлі да цесця прасіць, каб царства ім адпісаў. Цар падумаў і кажа: — Не, за адну свінку царства не адпішу. Ёсць у адным царстве, у адной старане, дзіва-кабыліца — з ноздраў яе полымя шугае, з вушэй дым валіць. Пасецца яна ў зялёных лугах, на шаўковых мурагах. I вартуюць яе дванаццаць коней з залатымі грывамі. Калі вы тую кабыліцу з коньмі зловіце і прыведзяце да мяне, тады адпішу вам царства. Памуляліся швагры — нічога не зробіш: трэба ехаць шукаць кабыліцу! Набралі яны яшчэ больш войска і паехалі. Жонка зноў прыстае да Івана: — Швагры твае вунь па кабыліцу паехалі, а ты дома сядзіш! Бацька ім усё царства адпіша, а мы як жыць будзем? — Э,— кажа Іван,— куды мне ехаць? Што ў мяне войска сваё, ці што? Пражывём як-небудзь і без царства! Мінула колькі часу, Іван зноў просіць жонку: — Схадзі да бацькі: ці не дасць ён мне яшчэ адной кабылкі? Паеду і я за шваграмі. — Што ты, дурань, вярзеш? Швагры, пэўна, ужо назад варочаюцца з кабыліцай, а ты толькі збіраешся. — А калі варочаюцца, дык і я з імі вярнуся. Бяда вялікая! — Мне брыдка перад бацькам,— кажа жонка,— зноў дарэмна кабылку страціш. Што я тады скажу яму? — Страчу дык страчу. Бацька твой праз гэта не збяднее. Пайшла яна да бацькі і выпрасіла яшчэ адну кабылку. Сеў Іван на кабылку, ад'ехаўся крыху ад горада ды пусціў яе ваўкам на спажыву. А сам крыкнуў-свіснуў, і сталі перад ім яго добрыя коні. Расказаў Іван коням пра дзіўную кабыліцу. — Дык гэта ж наша маці! — усклікнуў сівы конь.— I там цяпер не дванаццаць вартаўнікоў каля яе, а дзевяць, бо мы табе служым. Цяжкую задачу ты загадаў нам, гаспадар. Ды паспрабуем памагчы табе. Ідзі ты да свайго цесця і папрасі ў яго дзедаўскага бязмена. Вярнуўся Іван у харомы, выпрасіў у цара дзедаўскі бязмен на дванаццаць пудоў. Узяў яго ў рукі і махае, як трысцінкай. Цар дзівіцца: — Дурань, а дуж! Глядзі ты яго! Прыйшоў Іван зноў да сваіх коней. — Цяпер,— кажа сівы конь,— я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. А я гэтым часам буду каля яе лятаць і прасіць: «Матухна, здавайся, бо мой гаспадар вельмі ж злосны: заб'е цябе бязменам...» Ну, так усё і сталася, як сівы конь сказаў. Злаўчыўся Іван, сеў на кабыліцу, а тая падняла яго пад самыя нябёсы... Насіла, насіла — не скідаецца Іван: сядзіць на спіне, як прырос, ды дванаццаціпудовым бязменам лупіць яе паміж вушэй. Стамілася кабыліца і кажа: — Трыццаць тры гады жыву, а ніхто яшчэ не ездзіў на мне! Хто ты такі? — Гэта, матухна, наш гаспадар,— адказвае за Івана сівы конь.— Здавайся, бо ён надта сярдзіты: заб'е цябе. — Ну, што ж,— уздыхнула кабыліца,— хадзіла я па волі, а цяпер давядзецца хадзіць пад няволяй. Чакай, Іван Іванавіч, перастань біць мяне. — Вось так бы даўно і сказала, а то мне рука забалела дубасіць цябе,— кажа Іван. Едзе Іван на кабыліцы назад у сваё царства, а за ёю дзевяць коней ідзе і дзесяты Іванаў сівы конь. Едзе ён, аж бачыць: насустрач войска валіць, музыка іграе. «Гэта, напэўна, швагры мае»,— думае Іван. Пусціў ён свайго сівага каня ў зялёныя лугі, расклаў цяпельца, грэецца ды на жалейцы іграе. Убачылі швагры дымок. Пасылаюць слуг даведацца, хто там дыміць. Пайшлі слугі, усё разгледзелі, прыкурылі ад цяпельца і назад вярнуліся. — Ну, хто там? — пытаюцца швагры. — Ды гэта ж дурань наш кабыліцу вядзе, і каля яе дзевяць коней з залатымі грывамі бегае. — Як дзевяць? Цесць жа казаў — дванаццаць! — Не, толькі дзевяць. — То пойдзем самі паглядзім. Прыходзяць: — Здароў, швагер! — Здаровы былі! — Што, кабыліцу вядзеш? — Ага, там іх шмат пасецца. Я сабе толькі адну ўзяў і дзевяць коней у прыдачу. Швагры пераглянуліся, пакруцілі галовамі: — Годзе, швагрусь, табе смяяцца з нас! Гэта ж тая кабыліца, пра якую бацька казаў. — Ды не, не тая,— не здаецца Іван.— Ваша вам засталася. Я чужых не бяру. — Няхай сабе і так,— кажуць швагры,— але ты нам пераступі гэтую. Мы табе што хочаш дамо. I як пачалі прасіць — рады няма. Здаўся Іван і кажа: — Добра, бярыце, але адрэжце мне за яе па мезеным пальцы з правай рукі. Шкада шваграм пальцаў, ды Іван на сваім стаіць. Параіліся швагры між сабою. — Што ж,— кажуць,— дактары ў нас свае, лекі свае,— як бачыш усё загоіцца: адрэжам па пальцу! Вярнуўся Іван дадому, як і першы раз, ні з чым. — Скажы хоць, дзе ты бацькаву кабылку падзеў? — пытаецца жонка. — Як дзе? Здохла! Што ж ты думаеш: сам ехаў ды яшчэ бязменішча гэткі вёз... Праз колькі часу прыводзяць швагры тую кабыліцу. Рады, што і не выказаць: вядома, царства цяпер ім будзе! Тут ужо трэба цару паперу пісаць — царства зяцям перадаваць. — Не,— кажа цар,— я перадумаў. Не ўсё яшчэ вы зрабілі. Ёсць у адным царстве, у адной старане, за сінімі марамі, за высокімі гарамі леў. Сядзіць ён пры студні, дванаццаццю ланцугамі прыкуты. А яму, як дзень, так ноч, дванаццаць чалавек ваду са студні цягаюць; леў усю яе выпівае і ўсе хваробы і з народу і са скаціны ў сябе ўбірае. Калі вы гэтага льва дастанеце і прыведзяце ў наша царства — усё ваша будзе! Падумалі швагры: «Можа, дурань і гэтага льва дастане, а мы ўжо як-небудзь у яго вымарачым». — Добра,— кажуць,— прывядзём ільва! Сабраліся і паехалі. А жонка напала на Івана: — I што ты, дурань, сабе думаеш? Ляжыш толькі ды на жалейцы іграеш. Бачыш, швагры вунь па льва паехалі. Бацька ім усё царства адпіша, а мы з табою жабраваць пойдзем! — Ах, любая жонка,— кажа Іван,— хіба ж людзі не жабруюць? Неяк будзем жыць і мы. Жонка на гэтым і супакоілася. Вось пражылі яны з месяц ці два, Іван зноў просіць жонку, каб ішла да бацькі па кабылку. — Не,— кажа жонка,— цяпер ужо не пайду. Калі хочаш — выпраўляйся пехатою: усё роўна адзін з цябе толк! Іван спрачацца не стаў, развітаўся з жонкаю ды рушыў у дарогу. Выйшаў у чыстае поле, паклікаў коней. Сівы конь і кажа: — Цяпер ты паедзеш на гнедым. Як пад'едзеш да сталіцы, каня пускай, а сам ідзі да студні і скажы, што ты адзін бярэшся льва паіць. А калі цар нойме цябе, дык не спі ў шапку. Вось табе малаток — ён любы ланцуг разаб'е... Ці доўга Івану — гадзіны за тры апынуўся ён каля студні. — Добры дзень, малайцы! — прывітаўся Іван да работнікаў, што ваду чэрпалі. — Добры дзень! — Цяжка вам тут працаваць? — Ой цяжка! — Дык давайце я за вас адзін буду льва паіць. — Што ты! — адказваюць работнікі.— Нас дванаццаць і то не спраўляемся. — Нічога, я спраўлюся. Далажыце вашаму цару. Пайшоў старшы работнік, далажыў цару. Цар зарадаваўся: аднаму менш плаціць трэба. — Пастаўце яго,— кажа цар,— на тры дні: справіцца адзін, тады і дамаўляцца будзем. Работнікі адышліся ад студні, а Іван ухапіўся за работу. I так у яго гладка пайшло, што лепш і не трэба. Старшы работнік пабег да цара. — Дзіва! — кажа.— Леў не паспявае ўсяе вады выпіць, што ён адзін падае. — Ну што ж,— кажа цар,— паглядзім яшчэ, як заўтра будзе. Уночы Іван кажа льву: — Ведаеш што: давай уцячом адгэтуль. У маім царстве табе лепш будзе. I так расхваліў ён сваё царства, што леў згадзіўся ўцякаць з ім. — Толькі,— кажа леў,— ты не адарвеш ланцугоў, якімі мяне да студні прыкавалі. . — Нічога, адарву. Узяў Іван малаток, як стукнуў, і рассыпаўся ланцуг. Дванаццаць разоў стукнуў — дванаццаць ланцугоў рассыпалася. Сеў тады Іван на льва і памчаўся ў сваё царства. Сустракае па дарозе швагроў. Убачылі тыя, што Іван на льву едзе, пачалі яго маліць-прасіць: — Аддай нам гэтага льва... — Ого,— не згаджаецца Іван,— усё вам ды вам! Дайце ж і мне хоць каго прывесці да цесця. А то вунь жонка мяне лае: кажа, вы царства будзеце мець, а нам жабраваць давядзецца. — Мы табе, Іване, што хочаш дамо, аддай толькі нам ільва. I гэтак пачалі ўгаворваць, што Іван здаўся. — Добра,— кажа,— але цяпер я з вас даражэй вазьму: выражце мне па палосцы скуры са спіны... Швагры не сталі пярэчыць: «Дактары свае, лекі свае — залечым,— думаюць.— Затое цяпер ужо напэўна царства будзем мець. А тады і старога цара і дурня гэтага вытурым прэч!» Узяў Іван дзве палоскі скуры, скруціў у трубачку ды паклаў у сваю каліту. Потым, як ад'ехаліся швагры з ільвом вярсты дзве, паклікаў гнедага каня, сеў і гайда дамоў. Вярнуўся Іван дадому. Слугі царскія смяюцца з яго. — Вось,— кажуць,— за тры дні па льва пехатою схадзіў. I куды дурню за разумнымі пяцца! А жонка плача: — Што ты сабе думаеш? З цябе людзі смяюцца. — Няхай смяюцца: не ўсім жа плакаць! — Нябось паплачаш, як бацька шваграм царства адпіша, а нам нічога не будзе. — Ат, навошта нам тое царства! Дасць які кавалак зямлі, і хопіць з нас. Жонка і супакоілася: не будзеш жа ўвесь час плакаць! Слёз не хопіць. Прыводзяць швагры таго заморскага льва — з музыкай, з песнямі. З усяго царства пазбіраліся князі ды паны дзіва глядзець. А цар ад радасці такі баль наладзіў, што свет не бачыў. Тры дні і тры ночы балявалі. А як скончыўся баль, паклікаў цар зяцёў. Прыйшлі да яго зяці з жонкамі і меншая царская дачка. Толькі Іван не пайшоў. — А дзе ж твой дурань? — пытаецца цар у меншай дачкі.— Чаму ён не ідзе? Хоць бы паслухаў, як я царства дзяліць буду. Пайшла яна па мужа: — Іван, ідзі да бацькі, паслухай, як там і што. — А чаго мне хадзіць? — Пайдзі папрасі ў яго хоць кавалак зямлі. Пайшоў Іван у царскі пакой, стаў ля парога і стаіць. Цар кажа да старэйшых зяцёў: — Вось, зяці мае любыя, аддаю я вам усё сваё царства, а сам застаюся ў вас на ласкавым хлебе. — Дзякуем табе, татулька,— пакланіліся зяці. — А мне што даеш, бацька? — пытаецца Іван з парога. — Нічога табе не даю! На печы царства не зарабляюць. Іван паглядзеў на швагроў і кажа: — А яны што такога зрабілі, што ты ім царства аддаеш? — Як што? — здзівіўся цар.— Яны мне заморскія дзівы дасталі. — Дзе дасталі? У мяне выенчылі! Паглядзі, бацька, ці ёсць у іх на правых нагах мезеныя пальцы. — Ану, скідайце боты! — загадаў цар зяцям. Зяці адразу скінулі — праўда: няма ў іх на правых нагах мезеных пальцаў! Адкрыў Іван сваю каліту і дастаў адтуль пальцы. — Вось яны! Гэта за свінку я ў іх узяў. А цяпер паглядзі, бацька, ці ёсць у іх на правых руках мезеныя пальцы. Паглядзеў цар — няма! А Іван з той жа каліты іх дастае: — А гэта — за кабыліцу я ў іх узяў. Але ж яны цябе ашукалі: прывялі толькі дзевяць коней. А дзе ж яшчэ тры? — Але,— пачухаў цар патыліцу,— ашукалі: не хапае трох коней... Тут Іван выйшаў з палаца, крыкнуў поўным голасам, свіснуў маладзецкім посвістам — і сталі перад ім тры залатагрывыя кані. Цар аж вочы вытрашчыў. А зяці як палатно збялелі. — А цяпер,— кажа Іван,— паглядзі, бацька, на спіны сваіх зяцёў: ці цэлыя яны? Паглядзеў цар: не хапае па палосцы скуры... Іван выняў з каліты дзве палоскі, прыклаў да спін — іх скура! — Гэта я ім за льва памятку зрабіў. Бачыць цар: усё праўда! Прагнаў ён сваіх зяцёў-ашуканцаў, а Івану ўсё царства аддаў.
В закладки
Отправить ссылку на статью по email
Просмотров: 1243 Комментарии (0)
![]()
|





