03 Ноя 2008 |
|
| Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было — толькі пеўнік і жаронцы. Дзіўныя гэта былі жаронцы: паложыць у іх дзед адно зярнятка, пакруціць раз-другі, і цэлая кадушка мукі намелецца! Добра жылі дзед з бабай самі і пеўніка не крыўдзілі. Дачуўся пра дзіўныя жаронцы пан. Парашыў ён украсці іх. Прыехаў адвячоркам да дзеда і просіцца пераначаваць. «На паляванні,— кажа,— быў: далёка дадому ехаць, а тут ноч надыходзіць...» — Начуй сабе,— кажа дзед,— месца хопіць. Уночы, як дзед і баба заснулі, пан украў жаронцы ды паехаў. Моцна затужылі дзед з бабай па жаронцах. Сядзяць яны галодныя ды плачуць. Пеўнік слухаў, слухаў іх, а потым і кажа: — Не плачце, я вярну вам жаронцы! — Дзе табе вярнуць іх! — кажуць дзед і баба.— Пан цябе і на парог не пусціць. — Нічога,— падхрабрыўся пеўнік,— вярну. Хоць сам загіну, а жаронцы вярну. Развітаўся ён з дзедам і бабай ды паляцеў у панскі двор. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму каршун. — Куды, певень, ляціш? — пытаецца. — У двор да пана. — Чаго? — Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я лячу іх сыскваць. — Вазьмі і мяне з сабою. — Лезь у валляк! Каршун улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму лісіца: — Куды, певень, ляціш? — У двор да пана. — Чаго? — Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу сыскваць. — Вазьмі і мяне з сабою. — Лезь у валляк! Лісіца ўлезла пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму барсук: — Куды, певень, ляціш? — У двор да пана. — Чаго? Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу сыскваць. — Вазьмі і мяне з сабою. — Лезь у валляк! Барсук улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму воўк: — Куды, певень, ляціш? — У двор да пана. — Чаго? — Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу сыскваць. — Вазьмі і мяне з сабою. — Лезь у валляк! Ляцеў, ляцеў пеўнік і прыляцеў у двор да пана. А ў пана ў гэты час былі госці — пілі, гулялі. Вокны і дзверы насцеж парасчынялі. Узляцеў пеўнік на падаконнік, залопаў крыламі ды заспяваў на ўвесь голас: — Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я прыляцеў сыскваць. Аддавай, пан, жаронцы! Пану стала брыдка перад гасцямі, што пеўнік яго злодзеем абзывае. Вось ён і кажа: — Слугі, слугі, схапіце крыкуна, укіньце ў куратнік: няхай яго куры задзяўбуць! Схапілі слугі пеўніка, укінулі ў куратнік, а самі пайшлі. Тут пеўнік і кажа: — Каршун, каршун, вылазь з валляка, падушы курэй! Выскачыў каршун з валляка, перадушыў усіх курэй ды паляцеў у лес. Пеўнік зноў прыляцеў на падаконнік: — Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў... — Ах,— кажа пан,— дык яго куры не задзяўблі? Добра ж! Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце ў гусятнік: няхай яго гусі зашчыплюць! Схапілі слугі пеўніка і ўкінулі ў гусятнік. Пеўнік ачухаўся ды кажа: — Лісічка, лісічка, вылазь з валляка, падушы гусей! Лісіца так і зрабіла, а сама ў лес пабегла. Паляцеў пеўнік на падаконнік ды зноў сваё спявае: — Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!.. — Ах,— кажа пан,— дык яго і гусі не зашчыпалі? Добра ж! Слугі, слугі, занясіце яго ў свінарнік: няхай яго свінні загрызуць! Занеслі слугі пеўніка ў свінарнік. А там пеўнік кажа: — Барсук, барсук, вылазь з валляка, пагрызі свіней. Барсук так і зрабіў, а сам пабег у лес. Прыляцеў пеўнік на падаконнік: — Ку-ка-рэ-ку!.. — Ах,— кажа пан, пачуўшы пеўнікаў голас,— дык яго і свінні не загрызлі?.. Слугі, слугі, укіньце яго ў стайню: няхай яго коні затопчуць! У стайні пеўнік кажа: — Воўк, воўк, вылазь з валляка, парэж коней! Воўк выскачыў, парэзаў усіх коней і ходу ў лес. Прыляцеў пеўнік на падаконнік: — Ку-ка-рэ-ку!.. Пан аж за галаву хапіўся: што ж рабіць? Потым кажа: — Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце кухару, няхай ён яго засмажыць! Слугі так і зрабілі. Кухар засмажыў пеўніка і прынёс на талерцы пану. Пан схапіў яго ды і праглынуў са злосці ўсяго адразу. А пеўнік ажыў у панскім жываце, вытыркнуў дзюбу праз правае вуха ды заспяваў: — Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!.. Пан закрычаў: — Слугі, слугі, хапайце сякеры, сячыце гэтага нягодніка! Схапілі слугі сякеры, як секанулі, дык і адсеклі пану правае вуха... А пеўнік пералез у левае вуха ды зноў заспяваў. Слугі, слугі,— крычыць пан,— сячыце яго! Секанулі слугі, ды не па пеўніку, і адсеклі пану левае вуха. Застаўся пан без вушэй. Тады пеўнік высунуўся ў рот. Слугі, слугі,— крычыць пан, разявіўшы рот,— сячыце, сячыце яго! Секанулі слугі, ды не па пеўніку, а па языку,— адсеклі пану язык. А пеўнік выскачыў, паляцеў на падаконнік, сеў і спявае. Бачыць пан — няма рады: усю яго жывёлу пеўнік перадушыў, ды і самога скалечыў. Вынес ён жаронцы з пакояў і аддаў іх пеўніку. Пеўнік схапіў адзін камень пад адно крыло, другі — пад другое і паляцеў дахаты. Зарадаваліся дзед з бабай жаронцам, пачалі ў іх муку малоць. З мукі хлеб пякуць, самі ядуць і пеўніку даюць.
В закладки
Отправить ссылку на статью по email
Просмотров: 1026 Комментарии (0)
![]()
|





