03 Ноя 2008 |
|
| Жылі на адным двары курачка Сакатушка, гусак Шыпун ды індык Балбатун. Курачка даглядала сваіх куранятак, грэблася на сметніку, шукала зярнятак. А гусак Шыпун і індык Балбатун толькі шпацыравалі ўзад і ўперад па двары, як важныя паны, ды заўсёды вялі між сабою спрэчкі аб тым, хто з іх важнейшы і разумнейшы. — У мяне галава болыыая,— хваліўся гусак,— дык і розуму ў ёй больш! Індык з гэтым не згаджаўся. — Галава ў цябе вялікая, гэта праўда, ды дурная, як бот,— казаў ён. — Ну, няхай сабе галава дурная,— адказваў гусак,— затое нос які ў мяне! Моцны, цвёрды, прыгожы... А ў цябе што за нос — смех адзін! Чарвяк, а не нос! I гусак і індык былі страшэнныя гультаі. Яды шукаць сабе ленаваліся і таму часта галадалі. Каб не карміла іх сяды-тады гаспадыня, дык даўно б гультаёў і на свеце не было. Аднаго разу знайшла курачка каля плота пшанічны каласок. Зарадавалася, засакатала на ўвесь двор: — Ко-ко-ко! Глядзіце, які цудоўны каласок я знайшла! Пачулі пра такую навіну Шыпун і Балбатун. — Ану, пакажы! Курачка паказала ім каласок. Індык панюхаў каласок сваім носам-чарвяком. — Так, так,— сказаў ён,— каласок і праўда цудоўны. Трэба яго змалаціць. — Ага, ага,— згадзіўся і гусак.— Трэба змалаціць. Тады будуць зярняткі. А яны смачныя... Ага, ага! — Добра,— сказала курачка.— А хто яго змалоціць? — Толькі не я! — адказаў гусак.— Я тоўсты, мне цяжка цэпам махаць. — Дык што ж, ты хочаш, каб я малаціў? — горача забалбатаў індык.— Я табе не парабак! — Ну добра,— сказала курачка,— я сама змалачу. Пайшла яна на ток, узяла цэп і змалаціла пшанічны каласок. Прынесла зярняткі і цешыцца: — Глядзіце, якія цудоўныя зярняткі! Чырванаваценькія, пузаценькія! Яны, напэўна, смачнейшыя за ячменныя. Падышлі да зярнятак і гусак з індыком. — Так, так,— сказаў індык.— Цудоўныя зярняткі. — Ага, ага,— пацвердзіў гусак.— Аж шкада дзяўбці. — I не трэба дзяўбці. Іх трэба змалоць . ды напячы булак,— падаў разумную параду індык. — Ага, ага,— згадзіўся гусак.— Пшанічныя булкі мяккія, як мой пух. А смачныя якія! — Добра,— сказала курачка.— А хто змеле пшанічныя зярняткі? — Толькі не я! — буркнуў гусак.— Мне цяжка ў млын хадзіць. — I не я! — усклікнуў індык.— З такою простаю работаю і дурны гусак справіцца. — Ну што ж,— сказала курачка,— калі так, то давядзецца мне самой ісці ў млын. Усыпала яна зярняткі ў торбачку і панесла ў млын. Там змалола і прынесла муку дахаты. — Ай, якая бялюткая мука! — засакатала курачка на ўвесь двор. Індык панюхаў муку. — Так, так,— сказаў ён,— добра пахне. Значыць, смачныя будуць булкі. — Ага, ага, я ж казаў, што смачныя! — уставіў слова і гусак. — Ну, а хто спячэ з гэтай мукі булкі? — запыталася курачка. Гусак пакруціў галавою: — Я не ўмею... Індык адказаў: — Я хоць і ўмею, ды не хачу. Няхай гусак пячэ. — Ну добра,— сказала курачка,— тады я сама спяку. Знайшла яна пад паветкаю дзежачку і рашчыніла цеста. Потым накалола дроў і запаліла ў печы. Калі цеста падышло, курачка нарабіла круглых прыгожых булак і пасадзіла іх на лапаце ў печ. Булкі пачалі пячыся. I такі прыемны пах пайшоў ад іх па ўсім двары, што ў гусака і індыка аж слінкі пацяклі. А трэба сказаць, што яны даўно нічога не елі і так выгаладаліся, што нават спрачацца перасталі, хто з іх важнейшы ды разумнейшы. — Хадзем у хату,— сказаў індык,— відаць, булкі ўжо гатовы. — Ага, ага,— адказаў гусак.— Хадзем, брат, у хату. Прыйшлі індык з гусаком у хату, а там курачка булкі з печы дастае. Мяккія, румяныя, пахучыя. — Так, так,— весела загаварыў індык,— якраз у пару прыйшлі. — Ага, ага,— заківаў галавою гусак і першы падаўся за стол. Індык — за ім. Але курачка спыніла іх: — Чакайце! Не спяшайцеся, панове! Перш чым садзіцца за стол, адкажыце мне на мае пытанні. — Давай свае пытанні! — сярдзіта прашыпеў гусак.— Толькі хутчэй. — Але, толькі хутчэй,— шпарка забалбатаў і індык.— А то дужа есці хочацца... — Дык слухайце! Хто пшанічны каласок знайшоў? — Ты, курачка, вядома, ты знайшла,— адказалі індык і гусак у адзін голас. — Хто змалаціў каласок? — Ты, курачка, змалаціла. — Хто зярняткі ў млын насіў? — Ты насіла... — А хто дровы сек, у печы паліў, пшанічныя булкі пёк? Пераглянуліся паміж сабою індык з гусаком і адказалі: — Ты, вядома... За гэта табе і слава. — Дык вось,— сказала курачка Сакатушка,— каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй. Пазбягаліся з двара кураняткі і пачалі з курачкай частавацца свежымі пшанічнымі булкамі. А галодныя гультаі індык і гусак зноў заспрачаліся, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.
В закладки
Отправить ссылку на статью по email
Просмотров: 1099 Комментарии (0)
![]()
|





