03 Ноя 2008 |
|
| Жылі мужык і жонка. А дзяцей у іх не было. Жонка бядуе: няма каго ёй калыхаць, няма каго гадаваць... Аднаго разу мужык пайшоў у лес, высек з алешыны палена, прынёс дахаты і кажа жонцы: — На, калышы. Палажыла жонка палена ў калыску ды давай калыхаць і ката спяваць: — Люлі, люлі, сынок, з белымі плячыцамі, з чорнымі вачыцамі... Калыхала дзень, калыхала другі, на трэці бачыць: замест алешынкі ляжыць у калысцы хлопчык! Зарадаваліся мужык і жонка, назвалі сынка Піліпкам і сталі яго гадаваць. Падрос Піліпка і кажа бацьку: — Зрабі мне, тата, залаты чоўнік, срэбранае вясельца — хачу рыбу лавіць. Бацька зрабіў яму залаты чоўнік, срэбранае вясельца ды выправіў на возера лавіць рыбу. Сынок як лавіць ды лавіць — дзень ловіць і ноч ловіць... Нават і есці дахаты не ідзе: вельмі ж добра рыба ловіцца! Маці яму сама абед насіла. Прынясе да возера і кліча: — Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок! Піліпка падплыве да берага, высыпле з чоўна рыбу, а сам з'есць піражок ды зноў на возера. Пачула старая ведзьма Баба Яга — касцяная нага, як маці кліча Піліпку, і парашыла яго са свету звесці. Узяла яна мяшок і качаргу, прыйшла да возера і пачала клікаць: — Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок! Піліпка падумаў, што гэта маці, і падплыў. А Баба Яга падчапіла качаргою чоўнік, выцягнула на бераг, схапіла Піліпку ды ў мяшок. — Ага,— кажа,— больш не будзеш ты тут рыбку лавіць! Закінула мяшок на плечы і панесла да сябе, у лясную гушчэчу. Доўга несла, змарылася, села адпачыць ды і заснула. А Піліпка тым часам вылез з мяшка, паклаў туды цяжкіх камянёў ды зноў вярнуўся на возера. Прачнулася Баба Яга, схапіла мяшок з камянямі і, крэхчучы, панесла дадому. Прынесла і кажа да сваёй дачкі: — Спячы ты мне на абед гэтага рыбака. Вытрусіла Баба Яга мяшок на падлогу, аж там адны камяні... Як узлавалася Баба Яга, як закрычыць на ўсю хату: — Я ж табе пакажу, як мяне падманваць! Зноў пабегла на бераг возера ды давай клікаць Піліпку: — Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок! Пачуў гэта Піліпка. — Не,— кажа,— ты не мая маці, а ведзьма Баба Яга: я цябе ведаю! У маёй мамы голас танчэйшы. Як ні клікалаБаба Яга, Піліпка не паслухаў яе. «Добра ж,— падумала Баба Яга,— зраблю я сабе танчэйшы голас». Пабегла яна да каваля і кажа: Каваль, каваль, натачы мне язык, каб танчэйшы быў. — Добра,— кажа каваль,— натачу. Кладзі яго на кавадла. Палажыла Баба Яга свой доўгі язык на кавадла. Каваль узяў молат і пачаў кляпаць язык. Адкляпаў так, што ён зусім тонкі зрабіўся. Пабегла Баба Яга на возера ды кліча тоненькім галаском: — Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок! Пачуў Піліпка і падумаў, што гэта маці яго кліча. Падплыў да берага, а Баба Яга цап яго ды ў мяшок! Цяпер ты мяне не падманеш! — радуецца Баба Яга. I, не адпачываючы, прынесла яго дадому. Выкінула з мяшка і кажа дачцэ: — Вось ён — падманшчык! Палі ў печы, пячы яго. Каб да абеду гатовы быў. Сказала так, а сама пайшла некуды. Дачка запаліла ў печы, прынесла лапату і кажа Піліпку: — Лажыся на лапату, я цябе ў печ саджаць буду. Лёг Піліпка і падняў ногі ўгору. — Не так! — крычыць ведзьміна дачка.— Гэтак я цябе ў печ не ўсаджу. Піліпка звесіў ногі ўніз. — Не так! — зноў крычыць ведзьміна дачка. — А як жа? — пытаецца Піліпка.— Пакажы сама. — Дурны ты! — вылаяла яго ведзьміна дачка.— Вось як трэба. Глядзі. Легла яна сама на лапату, выпрасталася. А Піліпка за лапату ды ў печ! I засланкаю яе засланіў ды яшчэ моцна ведзьмінаю ступаю затуліў, каб не выскачыла з гарачай печы. Толькі ён выбег з хаты, бачыць: Баба Яга ідзе. Піліпка скокнуў на высокі густы явар і схаваўся ў галлі. Зайшла Баба Яга ў хату, панюхала — смажаным пахне. Дастала з печы смажаніну, наелася мяса, косці на двор выкінула ды пачала качацца на іх, прымаўляючы: — Павалюся, пакачуся, Піліпкавага мяса наеўшыся, крыві напіўшыся. А Піліпка адказвае ёй з явара: — Паваліся, пакаціся, даччынога мяса наеўшыся, даччыной крыві напіўшыся. Пачўла гэта ведзьма і аж учарнела ад злосці. Падбегла да явара і давай яго зубамі падгрызаць. Грызла, грызла, зубы паламала, а моцны явар стаіць як стаяў. Пабегла тады Баба Яга да каваля: — Каваль, каваль, выкуй мне сталёвую сякеру, а то я тваіх дзяцей паем. Спужаўся каваль, выкаваў ёй сякеру. Прыбегла Баба Яга да явара, пачала яго секчы. А Піліпка кажа: — Не ў явар, а ў камень! А ведзьма сваё: — Не ў камень, а ў явар! А Піліпка сваё: — Не ў явар, а ў камень! Тут сякера як стукнецца ў камень — уся вышчарбілася. Заенчыла са злосці ведзьма, схапіла сякеру ды пабегла да каваля вастрыць. Бачыць Піліпка — хістацца пачаў явар: падсекла яго ведзьма! Трэба ратавацца, пакуль не позна. Ляціць чарада гусей. Піліпка да іх: — Гусі, гусі, скіньце мне па пяру! Я з вамі палячу да бацькі, да маткі, там вам адплачу... Гусі скінулі яму па пяру. Зрабіў Піліпка з гэтых пёраў толькі паўкрыла. Ляціць другая чарада гусей. Піліпка просіць: — Гусі, гусі, скіньце мне па пяру! Я з вамі палячу да бацькі, да маткі, там вам адплачу... I другая чарада скінула яму па пяру. Потым праляцелі трэцяя і чацвёртая. I ўсе гусі скінулі Піліпку па пяру. Зрабіў сабе Піліпка крылы ды паляцеў услед за гусямі. Прыбегла ведзьма ад каваля, сячэ явар, аж трэскі сыплюцца. Секла, секла — явар — трах! — упаў на ведзьму і задушыў яе. А Піліпка прыляцеў з гусямі дахаты. Зарадаваліся бацькі, што Піліпка вярнуўся, пасадзілі яго за стол, пачалі частаваць. А гусям далі аўса. Тут і казка ўся.
В закладки
Отправить ссылку на статью по email
Просмотров: 1276 Комментарии (0)
![]()
|





