03 Ноя 2008 |
|
| Ажаніўся адзін хлопец і ўзяў сабе жонку з далёкай вёскі. Пажыў ён трохі з маладою жонкаю ды паехаў у госці да цешчы. Цешча прыняла зяця як трэба: напаіла і накарміла ўсякімі стравамі. А на закуску паставіла кісель з цукрам. Зяцю ўсё спадабалася. А найболып кісель. Ніколі такой стравы ён яшчэ не еў: у іх вёсцы ніхто кісялю не варыў. — Што гэта, маці, за кулеш такі смачны ў цябе? — пытаецца зяць у цешчы. — Гэта не кулеш, зяцёк, а кісель,— кажа цешча. — А ці ўмее ж мая Параска яго варыць? — Дзіва што! Скажы ёй толькі — і яна наварыць. Паехаў зяць дахаты, а каб не забыцца, як завецца гэты смачны кулеш, усё бубніў сабе пад нос: «Кісель, кісель...» Па дарозе сустрэў чалавека. Той даў яму «добры дзень». Хлопец адказаў і адразу забыўся, як завецца кісель. Вярнуўся да цешчы. — Забыўся,— кажа,— як зваць твой смачны кулеш... — Кісель, зяцюхна, кісель. — Дай мне яго, маці, лепш напаказ з сабою, а то я зноў забудуся. Цешча ўзяла кубачак і наліла ў яго крыху кісялю. Узяў зяць той кубачак у правую руку і паехаў. Цяпер яму ўжо не было патрэбы бубніць сабе пад нос: кісель, кісель... «Вось,— думае зяць,— пакажу жонцы кубачак з гэтым куляшом, яна і здагадаецца, што трэба наварыць». Тым часам едзе насустрач пан у брычцы. Убачыў яго хлопец і падняў па прывычцы руку, каб зняць шапку. А кісель з кубка — плюх! — і выліўся. Ды не ў воз, а за воз, у лужыну. — А каб на цябе ліха, панок! — вылаяўся са злосці хлопец.— Праз цябе такую дарагую рэч упусціў... Саскочыў ён з воза і давай боўтацца ў лужыне — кісель шукаць. Пан спыніўся і пытаецца: — Што ты, мужык, згубіў тут? — Кажу ж табе: дужа дарагую рэч,— адказаў засмучаны хлопец. Пан таксама злез з брычкі ды пачаў у лужыне плюхацца. «Калі знайду,— думае,— гэтую дарагую рэч, то трасцу аддам мужыку». Плюхаліся яны, плюхаліся ў бруднай лужыне, але нічога не знайшлі. Разагнуў пан спіну і кажа: — А нех цябе д'яблы возьмуць! Змясілі толькі дарэмна гразь на кісель... Тут хлопец як падскочыць: — Дзякуй, паночку: кісель, кісель! А сам хутчэй на воз ды па кані. «Вар'ят нейкі»,— падумаў пан і паехаў сваёю дарогаю. Прымчаўся хлопец дахаты і да жонкі: — Умееш кісель варыць? — Чаму ж не. — То хутчэй вары, а то я зноў забудуся, як ён завецца.
В закладки
Отправить ссылку на статью по email
Просмотров: 1261 Комментарии (0)
![]()
|





