03 Ноя 2008 |
|
| Пайшоў вол сена касіць. Косіць, завіхаецца, на неба паглядае: ці не відаць адкуль хмары? «За пагоду,— думае,— сена насушу, стог скідаю, тады і зіма не страшна». Ідзе воўк. Загледзеўся на вала. — Ты бык? — пытаецца. — Не, я вол. — Сена косіш? — Кашу. — Рагамі грабеш? — Грабу. — Хвастом падграбаеш? — Падграбаю. — А мяне ты не баішся? Падумаў вол і кажа: — Я не толькі цябе, а і двух такіх не баюся! Паверыў воўк і пайшоў шукаць сабе падмогі. Прыходзіць на другі дзень з двума братамі. — Ты бык? — зноў пытаецца. — Не, вол. — Сена косіш? — Кашу. . — Рагамі грабеш? — Грабу. — Хвастом падграбаеш? — Падграбаю. — А трох нас ты таксама не баішся? Што валу рабіць? Давай ён далей хітрыць. — Не толькі трох,— кажа,— а і чатырох не баюся. Паверылі ваўкі і падаліся шукаць новых сяброў. Доўга шукалі. Нарэшце прыходзяць на балота цэлаю чарадою. Глядзяць, а там ужо стог сена стаіць і вала не відаць. Кінуліся ваўкі па следзе і прыбеглі да двара, дзе вол жыў. Двор вала высокім частаколам абгароджаны. Круціліся, круціліся ваўкі, скакалі, скакалі, ды так да вала і не дабраліся. — Ага,— закрычалі яны са злосці,— ты, баязлівец, схітрыў! — Схітрыў ці не схітрыў,— адказаў вол,— а стог сена за пагодай накасіў. Ды і шкура ад вашых воўчых зубоў цэлая засталася. I павалакліся ваўкі прэч, хвасты падцяўшы.
В закладки
Отправить ссылку на статью по email
Просмотров: 1650 Комментарии (1)
![]()
|





