24 Июн 2008 |
|
Страница 1 из 4 Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Кобрынскі павет, значную частку тэрыторыі якога займаў сучасны Кобрынскі раён, у снежні 1795 г. увайшоў у Слонімскую губерню. Перад гэтым генерал-губернатар М.В.Рапнін дазволіў кобрынскім жыхарам нанава запісацца ў саслоўі (мяшчане, купцы, цэхавыя рамеснікі) і надзяліў іх зямлёй. Як цэнтр павета Кобрын аднавіў сваё гарадское званне.
У горадзе з'явілася павятовае праўленне, створанае на расійскі ўзор на аснове «Устанаўленняў для кіравання губерняў». У 1795 г. павятовую адміністрацыю ўзначальваў капітан-спраўнік, які выбіраўся на 3 гады з мясцовага дваранства. Асаблівае значэнне набываў дваранскі сход на чале з прадвадзіцелем, які непасрэдна ўплываў на выканаўчую ўладу горада і павета. У сход увайшла і каталіцкая шляхта, што прысягнула царскаму ўраду, а таксама рускія памешчыкі, якія нядаўна атрымалі тут землі.Горад вылучаўся ў самастойную адміністрацыйную адзінку з выбарным магістратам і гарадскім галавой (бургамістрам), які займаўся гаспадарчымі і дабрачыннымі справамі. Выканаўчая ўлада належала гараднічаму, якога прызначаў урад з афіцэраў-адстаўнікоў. Замест ранейшых судовых органаў уводзіліся павятовы суд для дваран, магістрацкі — для гараджан, верхняя і ніжняя расправы — для дзяржаўных сялян, а для звычайных прыгонных быў суд памешчыка-ўладальніка. Пры вынясенні прыгавору нярэдка кіраваліся палажэннямі старога Статута ВКЛ 1588 г. Некранутымі засталіся правы каталіцкай царквы, аднак ёй было забаронена абарачаць у сваю веру праваслаўных. Многія з уніятаў зноў вярталіся ў праваслаўе. 23 снежня 1796 г. шляхам аб'яднання Слонімскай і Віленскай губерняў была ўтворана Літоўская губерня з цэнтрам у г. Вільня. У яе ўвайшло 19 паветаў, у т.л. і Кобрынскі. У верасні 1801 г. Кобрынскі павет быў уключаны ў склад новаўтворанай Гродзенскай губерні і ў выглядзе такой тэрытарыяльнай адзінкі праіснаваў да 1921 г. Пачыналася XIX ст. Царызм рабіў розныя спробы, каб умацаваць самадзяржаўна-прыгонніцкую сістэму. З другога боку, развіваліся таварна-грашовыя адносіны, якія пракладвалі шлях капіталістычнаму спосабу вытворчасці. У Расіі ў гэты час назіралася гандлёва-эканамічная актыўнасць, існаваў адзіны рынак, чаго не было ў Рэчы Паспалітай. Але далейшаму руху ўсё больш перашкаджала прыгонніцтва, якое захавалася тут і падтрымлівалася новай адміністрацыяй. Першае дзесяцігоддзе новага стагоддзя характарызавалася значнымі ваенна-палітычнымі падзеямі і актыўным удзелам у іх Расіі. Кобрын, размешчаны паблізу заходняй граніцы, у хуткім часе апынуўся ў зоне ваенных дзеянняў. У 1812 г. французская армія Напалеона Банапарта сканцэнтравалася каля заходніх рубяжоў Расіі. У чаканні наступлення галоўныя сілы расійскіх войскаў размясціліся па трох магчымых напрамках руху напалеонаўскіх армій у Віленскай, Гродзенскай і Валынскай губернях. Але гэта было на руку французскаму імператару, які імкнуўся разграміць іх паасобку. 3-я Заходняя армія пад камандаваннем А.П.Тармасава, якая знаходзілася на поўдзень ад Кобрына, у раёне Луцка, апынулася ў тыле наступаючага праціўніка. Тармасаў атрымаў загад дзейнічаць, калі часці корпуса Ж.Л.Рэнье ўжо занялі Брэст, Кобрын і Янаў і намерваліся разгарнуць наступленне на поўдзень. З мэтай дэзарыентацыі ворага ён паслаў асобныя часці ў напрамку некалькіх населеных пунктаў, а сам з асноўнымі сіламі рушыў 22 ліпеня 1812 г. з Ратна праз Дзівін на Кобрын, куды напярэдадні ўвайшоў 4-тысячны атрад саксонцаў генерала Кленгеля, саюзніка французаў. Кленгель заняў подступы да горада на дарогах з боку Брэста, Дзівіна і Антопаля, размясціўшы рэзервы на рынку і каля моста цераз Мухавец. Спаскі манастыр быў ператвораны саксонцамі ў магутны рэдут на выпадак вулічных баёў. Войскі Тармасава пачалі атаку з Брэсцкага напрамку, потым з боку Антопаля (Пінская дарога). Конніца фарсіравала Мухавец ніжэй па цячэшші, дабралася да Пружанскай дарогі і ўварвалася на паўночна-заходнюю ўскраіну горада. Так 27 ліпеня 1812 г. разгарнуўся Кобрынскі бой, у ходзе якога французы былі поўнасцю разбіты. Генерал Тармасаў вырашыў працягваць наступленне, у выніку якога змог дайсці да Пружан. Аднак тут насустрач яму выступіў другі саюзнік Напалеона генерал Шварцэнберг. Маючы колькасную перавагу, ён пацясніў расійскія часці, якія пасля бітвы пад Гарадзечнам 12 жніўня 1812 г. пакінулі Кобрын і адышлі на Валынь. У гарадах паўднёвай часткі Гродзенскай губерні зноў размясціліся падраздзяленні карпусоў Рэнье і Шварцэнберга. У далейшым ваенныя дзеянні не аднаўляліся на Кобрыншчыне да канца вайны. Калі пачалося адступленне напалеонаўскіх войскаў, да месцаў дыслакацыі арміі Тармасава падцягнуліся больш значныя сілы П.В.Чычагова. У пачатку кастрычніка яны выцеснілі непрыяцеля з паўднёва-заходняй Беларусі. А ў лістападзе 1812 г. на рацэ Бярэзіна французы пацярпелі канчатковае паражэнне.
|
|||
| Обновлено 24.06.2008 02:50 |



